Сайт Раённай газеты Міёрскія навіны
 
Навигация на сайте:
» Гісторыя краю / 75 год раёну » У падтрымку краязнаўства
Поиск:
Рубрыкі
Выбары прэзідэнта 2015 Афіцыйна Эканоміка і права Пытайцеся—адказваем Здарэнні Грамадства Моладзь / Год моладзі Вясковае жыццё Культура Рэлігія Гісторыя краю, Міёрам 500 Здароўе Спорт і турызм Прырода і экалогія Пошта Літаратурная старонка Адукацыя і школа Юбілей Сямейны лад Жыве памяць Падшыўка 70 год Вялікай Перамогі Рознае...
Каляндар
«    Лістапад 2020    »
ПнАўСрЧцПтСбНд
 
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
 
 
Святы


 
Кнопка сайта
Мы будем очень благодарны, если вы установите на своём сайте нашу кнопку или просто текстовую ссылку на наш сайт.

[ Получить код кнопки]
Партнеры сайта

 
 
30-08-2011, 10:25 Гісторыя краю / 75 год раёну  ] • У падтрымку краязнаўства   |  
 
Назва:      

Аднойчы карэспандэнт нашай газеты прапанаваў паразважаць, чаму я, камуніст у мінулым, пішу пра гісторыю Язненскай царквы. Дадам, былы камсамольскі і партыйны работнік. Але быць членам партыі і займаць розныя пасады мне давялося ў 80-х гадах, а гэта быў ужо іншы час і зусім іншае стаўленне да рэлігіі. Мне пашчасціла працаваць у Полацку — калысцы нашай даўніны, быць знаёмай і проста сустракацца з мноствам вельмі цікавых і таленавітых людзей. Дарэчы, праца з людзьмі навучыла мяне цаніць іх не па займаемай пасадзе, а па чалавечых якасцях і вартасцях. Маім непасрэдным кіраўніком тады даволі доўгі час (амаль 10 гадоў) быў Мікалай Мікалаевіч Ільніцкі, які як ніхто вельмі многа зрабіў для захавання полацкіх каштоўнасцей і на пасадзе загадчыка ідэалагічнага аддзела гаркама партыі ў 80-х гадах і пазней, будучы дырэктарам першага ў рэспубліцы гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Чалавек, які да канца свайго кароткага жыцця быў улюбёны ў родны горад, у яго мінулае.

Асабіста я лічу, што кожны чалавек ва ўсе часы, нягледзячы, дзе і чым ён займаецца, павінен паважліва адносіцца да гісторыі, якой бы яна ні была, да ўсяго, што створана рукамі і людскім розумам. Гістарычная адукацыя, якую атрымала, таксама патрабуе беражлівага стаўлення да мінулага, да кожнага пісьмовага, вуснага, матэрыяльнага яго сведкі, помніка.

 

Бацькі мае, як і большасць жыхароў нашай вёскі, былі людзьмі веруючымі. Дзядуля ўдзельнічаў у будаўніцтве Язненскай Спаса-Прэабражэнскай царквы, а потым на працягу вельмі многіх гадоў быў яе званаром (ён граў на скрыпцы і меў добры музычны слых). Доўгі час іканастас царквы ўпрыгожвала гірлянда, зробленая рукамі маёй маці, якая, ужо маючы дрэнны зрок, месяцамі працавала над ёй. З дзяцінства ў нашай сям’і выхоўваліся паважлівыя адносіны да царквы, да веры.

 

Працуючы з архівам Язненскай царквы, над яе гісторыяй, злавіла сябе на думцы, што бываючы ў розных гарадах, а іх было даволі многа ў маім жыцці, заўсёды знаходзіла час пабыць у храмах. Сабор Аляксандра-Неўскай Лаўры ў Санкт-Пецярбургу, дзе прысутнічала на святочным малебне на Дабравешчанне Прасвятой Багародзіцы і спяваў хор кансерваторыі. “Красненькая” царква пры былым Пуцілаўскім заводзе, дзе вянчаліся мая бабуля з дзядулем, хрысцілі майго тату і адпявалі дзядулю. Храмы Масквы, Рыгі, Вільнюса, Пскова. Сабор каталікоса ўсіх армян у манастыры Эчміадзін і служба з удзелам самога патрыярха армянскай царквы. Храмы Святой Сафіі ў Кіеве, Ноўгарадзе і родным Полацку, такія розныя і падобныя сваёй незвычайнай даўнінай і святасцю. Уразіў храм Святога Аляксандра Неўскага ля падножжа гары Шыпкі ў Балгарыі, дзе праходзіў падзячны малебен рускім воінам за вызваленне ад турэцкага прыгнёту. Гэта быў якраз Дзень вызвалення Балгарыі — 9 верасня. Пералік можна працягваць.

 

Але галоўная ў маім жыцці Язненская Спаса-Прэабражэнская царква, у якой мяне хрысцілі, у якой вянчаліся мае бацькі, потым іх адпявалі. Ведала з дзяцінства кожны яе куточак, таму што амаль кожную нядзелю мяне, маленькую, бралі ў царкву — то маці, то мая хросная, старэйшая сястра таты. Памятаю, як падчас службы глядзела на выяву Бога Айца, анёлаў на царкоўнай столі. Мне здавалася тады, што Божанька абараняе мяне і ахінае сваёй дабрынёй.

 

Сёння я вельмі ўдзячная айцу Сергію, настаяцелю нашай царквы, за прадастаўленую магчымасць папрацаваць з царкоўным архівам, дакрануцца да гісторыі, адкрыць новыя, невядомыя старонкі жыцця роднай вёскі сваім землякам.

Але галоўная каштоўнасць, з якой мне пашчасціла пазнаёміцца, трымаць у руках летапіс Язненскага прыходу, які вялі святары з 1880 года. Шкада, што з пропускам 1914-1918 гадоў, вельмі цікавага часу — першай Сусветнай вайны, рэвалюцый. Гэты летапіс захаваўся толькі дзякуючы айцу Серафіму Гагалушку і яго дачцэ матушцы Арыядне. Некаторыя запісы, зробленыя там, маглі у свой час каштаваць жыцця тым, хто яго захоўваў. Матушка Арыядна вырашыла друкаваць летапіс, каб яго маглі прачытаць і іншыя людзі, нашы землякі. Яна пачала, я працягваю.

 

Думаю, маім землякам, напрыклад, цікава ведаць, што ў цэнтры нашай вёскі стаяў помнік цару-вызваліцелю Аляксандру ІІ. 19 лютага 1911 года ў дзень святкавання 50-годдзя вызвалення сялян ад прыгоннай залежнасці было вырашана паблізу царквы паставіць гэты помнік. Што і зроблена ў кастрычніку 1911 года. Пазней на гэтым жа месцы стаяў помнік маршалу Польскай Рэспублікі Юзафу Пілсудскаму.

Мне самой было цікава даведацца, як нашы продкі ўспрынялі ўвядзенне ў 1924 годзе каляндара новага стылю. Калі з царкоўнага цвінтара 21 лютага было прачытана пісьмо патрыярха Канстанцінопальскага Грыгорыя VІІ, народ выслухаў яго ўважліва і моўчкі, але на выхадзе з царквы было заяўлена, што пераходзіць на новы стыль не згодны і ўсе святы будуць адзначаць па-старому. Так і рабілі: у святы па новаму стылю вельмі спакойна працавалі, а па старому — святкавалі. Адзінагалосна было вырашана і далей жыць, як і жылі. Вельмі радаваліся, калі прыйшло пасланне ад мітрапаліта Варшаўскага з дазволам па жаданню прыхаджан учыняць богаслужэнні і святкаваць па старому стылю.

 

І яшчэ я, напрыклад, ніколі раней не сустракала, што ў 30-х гадах тэмпературу паветра вызначалі па шкале Рэамюра, а не так, як мы зараз — па шкале Цэльсія (1 градус R=1,25 С).

Як матэрыялы царкоўнага архіва аказаліся ў мяне? Аднойчы, гады два назад, мне прапанавалі вельмі аб’ёмістую папку са словамі: “Вам будзе цікава”. Гэта была частка архіва мясцовай царквы. Дакументы вельмі каштоўныя для тых, хто цікавіцца нашым мінулым. З кліравых ведамасцяў, якія там былі, і з’явілася дата — 110-год пабудовы “каменнай” Спаса-Прэабражэнскай царквы ў Язна.

 

Паколькі нядаўна ўзніклі некаторыя непаразуменні, хачу даць параду мясцовым краязнаўцам: гісторыя вёскі гэта не толькі гісторыя царквы, гэта перш за ўсё лёсы людскія. І тут шмат цікавага, не апісанага і не ўзгаданага. Дазволю сабе толькі некалькі момантаў.

Напрыклад, гадоў дзесяць назад у раённай газеце быў змешчаны з падачы спадара Сяргея Панізьніка артыкул пра мастака з маёнтка Чаркасова Віктара Жаўняровіча. Матэрыял вельмі цікавы. Мы з класам сына на веласіпедах (у школе я яшчэ не працавала) праехалі мясцінамі, якія ўспамінаў мастак, жывучы ў Парыжы. Ён маляваў краявіды Язненшчыны на палотнах, распісваў імі вітражы і сцены дамоў парыжан. Некалькі гадоў назад прыязджалі ў вёску яго сваякі з Аргенціны, а ў школе ў гэты час быў сабраны намі матэрыял, які мог парадаваць людзей, праехаўшых не адну тысячу кіламетраў, каб пабываць на сваёй радзіме. Былі здымкі месца, дзе стаяў маёнтак, старая дарога да яго, сажалка, камяні на беразе возера з таямнічымі знакамі. Ёсць яшчэ ў вёсцы некалькі чалавек, якія памятаюць гэтую сям’ю, настаўніцу Ванду Варановіч, яе маленькую дачку, якая і прыязджала з далёкага замежжа.

 

І яшчэ: на могілках захавалася пахаванне, на якім стаіць струхнелы драўляны помнік з зорачкай. Там пахаваны Сільвестр Аляксеевіч Жэнаў, першы начальнік МТС, камісар атрада, пра якога ў сваёй кнізе пісаў Д. В. Цябут.

Даволі доўга ўзначальваў лепшы ў раёне ў свой час калгас Іван Лявонцьевіч Сіняўскі, чалавек, які пражыў складанае і цікавае жыццё. Яго дачка — наша былая настаўніца, унучка — паважаны чалавек у раёне, а прозвішча ўнука кожны дзень чуем па АНТ. Чаму б не ўшанаваць імёны гэтых людзей, якія шмат добрага зрабілі для нашай вёскі?

 

Некаторыя мае знаёмыя задаюць пытанне, чаму не падпісваюся сваім прозвішчам. Полацкі перыяд жыцця паслаў мне шчасце быць добра знаёмай з цудоўным чалавекам і журналістам, членам Саюза журналістаў СССР, пісьменнікам, намеснікам рэдактара газеты “Полацкі веснік” Міхасём Барэйшам (Міхаіл Уладзіміравіч Барэйша). Ён пайшоў з жыцця ў няпоўныя пяцьдзесят. У свой час прымушаў мяне пісаць у газету і падпісваў І. Мікалаева. Таму “І. Мікалаева” — даніна памяці і павагі да гэтага таленавітага чалавека.

І. МІКАЛАЕВА (СТОМА).


 (галасоў: 0)

  [group=5]
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь. Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
[/group]
Другие новости по теме:



   
Надвор'е ў Міёрах
Папулярныя артыкулы
 
АРХІЎ НАВІН
Лістапад 2015 (48)
Кастрычнік 2015 (101)
Верасень 2015 (88)
Жнівень 2015 (10)
Ліпень 2015 (38)
Чэрвень 2015 (149)
 
Госці краін
Flag Counter
Рэклама
Витебское областное управление МЧС
 

Галоўная Правілы Статыстыка Зваротная сувязь
Яндекс.Метрика
2010-2017 © рэдакцыя газеты "Міёрскі навіны"
Распрацоўка і падтрымка сайта Elizar