газета Миорские новости > Гісторыя краю / 75 год раёну > Какими мы были молодыми

Какими мы были молодыми


16-02-2015, 10:51. Разместил: gazeta

Какими мы были молодыми Кажуць, што працавітасць і гаспадарлівасць перадаюцца ў спадчыну. Таму адказных работнікаў, якія сумленна выконваюць абавязкі і дэманструюць прыклад іншым, на Міёршчыне заўсёды было шмат. Адметна, што тыя, на каго раўняліся 20-30 гадоў таму, і цяпер у ліку правафланговых. 
Зазірнём у мінулае. Адгартаем альбом гісторыі ў 80-ыя гады і ўбачым добра знаёмых людзей, толькі крыху маладзейшых.

 

Клаўдзія Мямнонаўна Пятрова — аграном калгаса "Перамога" (цяпер ААТ "Наўгароды"). Усё жыццё гэтага спецыяліста звязана з раслінаводствам. Рухавую постаць жанчыны можна было ўбачыць у полі ранкам, калі яшчэ толькі пачынаў ружавець усход, і позна вечарам, калі замаўкалі палеткі ад гоману тэхнікі. Клаўдзія Мямнонаўна карысталася аўтарытэтам не толькі сярод маладых калег, але і больш вопытных. Заваявала яго прафесіяналізмам і сумленным стаўленнем да работы. Яшчэ маладой К. М. Пятрова была выбрана ў гаспадарцы старшынёй групы народнага кантролю. Доўга на пенсіі яна заставалася ў рабочым страі. Аднак некалькі гадоў таму пайшла на заслужаны адпачынак.
На фотаздымку, зробленым ў 1984-ым годзе, К. М. Пятрова ў добрым настроі, бо па выніках работы раслінаводчай галіны за год ёй прысвоена званне "Лепшы аграном раёна". 

 

 

Какими мы были молодыми Казімір Антонавіч Мароз — спецыяліст па рамонце гадзіннікаў, гэтай справе аддаў больш за 35 год. У 1989 годзе ён быў работнікам раённага камбіната бытавога абслугоўвання. Сярод калег вызначаўся не толькі ўменнем хутка вызначыць прычыну няспраўнасці механізма, стрэлкі якога адлічваюць час, але і хутка і якасна выправіць паломку. Яму даводзілася рамантаваць ручныя гадзіннікі, у выглядзе медальёнаў, кішэнныя, насценныя, будзільнікі. Адрозніваліся яны і механізмам запуску. Напрыклад, у майстэрню прыносілі маятнікавыя гадзіннікі, якія запускаліся гірамі і мелі "кукушку", а таксама маятнікавыя з боем, прыводзімыя ў дзеянне спружынным механізмам, у гэтым ліку былі нават рарытэтныя экзэмпляры. Часта прыносілі ў майстэрню і папулярныя на той час гіравыя "ходзікі". Моднымі лічыліся электронныя гадзіннікі і электрычныя. 
У гэтым "царстве часу" Казімір Антонавіч і яго калегі па майстэрні працавалі ў белых халатах нібы дактары, якія абуджалі механізмы ад сну.
К. А. Мароз быў брыгадзірам. Даводзімыя месячныя планы калектыў выконваў на 100-110%.
Дарэчы, Казімір Антонавіч і цяпер рамантуе гадзіннікі ў будынку РКБА, але ўжо арандуе памяшканне як прыватны майстар.

 

Какими мы были молодыми Пётр Станіслававіч Рагавы — слесар па рамонце рухавікоў. У 1984 годзе (калі быў зроблены фотаздымак для размяшчэння ў раённай газеце) працаваў у райсельгастэхніцы (цяпер ААТ "Міёрскі райаграсэрвіс") і вызначаўся лепшым работнікам і адказным камсамольцам. Сур'ёзна ставіўся да службовых і грамадскіх абавязкаў. Рамантаваў рухавікі са стараннем, якасна, што і гарантавала іх надзейнасць у эксплуатацыі. На старонках "Сцяг працы" (цяпер "Міёрскія навіны") адзначана: "Асабістае абавязацельства, прынятае на трэці год адзінаццатай пяцігодкі, выканаў датэрмінова — да 15 снежня. Юнак прымае актыўны ўдзел у рабоце камсамольскай арганізацыі, выбраны членам райкама ЛКСМБ. За працоўныя поспехі, удзел у грамадскім жыцці яго партрэт занесены на раённую Дошку гонару."
П. С. Рагавы і цяпер працуе на прадпрыемстве і рамантуе рухавікі, якія можа перабраць з заплюшчанымі вачыма. Вяртае ў строй "жалезнае сэрца" самай рознай тэхнікі. Дысцыплінаваны, сумленны, кампетэнтны, дасведчаны — так характарызуюць вопытнага работніка яго таварышы па калектыве цяпер.

 

Какими мы были молодыми Ала Аляксееўна Скавародка — работнік культуры. Нарадзілася ў 1955 годзе ў вёсцы Новы Пагост. У 1973-ім закончыла сярэднюю школу.
Напачатку загадвала Даўгінаўскай сельскай бібліятэкі, а ў студзені 1976 года была пераведзена ў раённую, дзе два гады працавала бібліятэкарам. Затым яе прызначылі старшым інспектарам аддзела культуры, дзе затрымалася на 10 гадоў. У 1988-ым (фотаздымак таго часу) Ала Аляксееўна стала дырэктарам цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна і ўжо 27 гадоў паспяхова кіруе калектывам бібліятэкараў Міёршчыны.

 

Падрыхтавала Эліза БЛАЖЭВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.


Вернуться назад