Людзі ва ўзросце не заўсёды правільна ўспрымаюць дарожную сітуацыю, адсюль і здарэнні: за 5 месяцаў сёлета па вобласці зарэгістравана больш 2 тысяч парушэнняў правілаў дарожнага руху асобамі старэй 60 гадоў.
На першым месцы, як ні дзіўна, парушэнні хуткаснага рэжыму — 409. 386 парушэнняў зрабілі пенсіянеры-пешаходы. А яшчэ вадзіцелі-пенсіянеры не спяшаюцца праходзіць дзяржаўны тэхнічны агляд свайго аўтамабіля — 22 парушальнікі.
Выяўлена 36 вадзіцеляў старэй 60 год, якія знаходзіліся за рулём пасля спажывання алкаголю.
Калі пажылыя людзі атрымліваюць траўмы ў дарожных здарэннях, то ім больш патрэбна часу на рэабілітацыю. Многія з іх застаюцца інвалідамі. Таму важна, каб людзі пажылога ўзросту адчувалі клопат і ўвагу, знаходзілі разуменне маладых вадзіцеляў.
Ёсць аварыі, у якія ў асноўным трапляюць пажылыя людзі, — наезд на пешахода ў дварах. Пажылым людзям цяжэй рухацца, хутка перамяшчацца. Вадзіцелі, памятайце пра гэта і будзьце ўважлівымі.
А. КАПУСЦІН,
старшы інспектар ДАІ.
Коратка
Уплата атрыманага злачынным шляхам даходу будзе з’яўляцца адным з галоўных фактараў пры разглядзе хадатайніцтва аб памілаванні ў адпаведнасці з указам №270.
Для жыхароў аднакватэрных (блакіраваных) жылых дамоў адмяняюцца дамавыя кнігі. Указ №276 скарачае пералік дакументаў, якія прадастаўляюць грамадзяне пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур. Цяпер жыхарам аднакватэрных (блакіраваных) жылых дамоў пры зваротах у дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі не трэба прадастаўляць дамавыя кнігі.