Напярэдадні свята 8 сакавіка ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбылося пасяджэнне клуба "Невыпадковых сустрэч" "Паміж намі, дзяўчатамі". Вялі мерапрыемства работнікі ўстановы Марына Васільеўна Кайнарава і Ала Генадзьеўна Федарэц, а асноўнымі яго ўдзельнікамі з'яўляліся маці, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў і інваліды, што наведваюць заняткі ў цэнтры.
Насычаная і цікавая праграма не давала сумаваць жанчынам. Паколькі ўсе паміж сабою знаёмыя, то панавала сяброўская і цёплая атмасфера ў зале.
Забаўна праходзілі конкурсы "Цудоўная гаспадыня", "Хто больш надоіць", "Новае жыццё парваным панчохам". Нягледзячы на тое, што Новы год даўно сустрэлі, а на дварэ вясна, завіталі на свята заблукаўшыя Дзед Мароз і Снягурка з падарункамі — рознымі ўпрыгожваннямі і некаторымі іншымі рэчамі.
На Міжнародны дзень жанчын прынята дарыць кветкі. Аказваецца, што кожная краска сімвалізуе нейкі месяц года: архідэя — студзень, мімоза — люты, лілея — сакавік, вяргіня — красавік, ланшыд — май і г.д. Пра гэта ў вершаванай форме ўдзельнікі сустрэчы даведаліся з "Кветкавага гараскопа".
Шчырыя словы з пажаданнем вясенняй цеплыні, любові і прыгажосці гучалі для прысутных жанчын.
Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.