Галоўнае, каб здароўе было, усё астатняе атрымаецца. Каму з нас не казалі гэтыя словы ў ліку найлепшых пажаданняў. Быць здаровым — цэлая навука. І каб яе асвоіць, часам патрэбна дапамога як дзецям, так і дарослым.
Пра ролю сям'і ў фарміраванні здаровага ладу жыцця гаварылі на раённым бацькоўскім сходзе, што адбыўся ў СШ №2. Запрасілі сюды тых, хто знаходзіцца на розных відах уліку ў сацыяльных служб. Акрамя жыхароў райцэнтра, мерапрыемства наведалі сем'і з Пераброддзя і Дворнага Сяла.
"Калі хочаш выхаваць сваё дзіця здаровым, сам ідзі па шляху здароўя, інакш яго не будзе куды весці", — нагадала бацькам важнае правіла метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Іна Валянцінаўна Сіповіч. Яна прывяла простыя рэкамендацыі, якіх павінны прытрымлівацца школьнікі, каб захаваць сваё здароўе, — правільнае харчаванне, фізічная актыўнасць, рэжым дня, развітанне са шкоднымі звычкамі. Зразумела, што самы эфектыўны сродак у фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыцця дзіцяці — гэта ўласны прыклад бацькоў.
На жаль, часта ў таты і мамы малыя вучацца зусім іншым рэчам. Пра разбуральнае ўздзеянне алкаголю на здароўе чалавека і дабрабыт сям'і расказала падлеткавы ўрач Яўгенія Аляксееўна Кавалевіч. Відэафільм "Святло ў канцы тунэля" быў значным дапаўненнем да слоў медыка. Працягласць дакументальнай стужкі — усяго 20 хвілін, а вось інфармацыі для роздуму, напэўна, хопіць надоўга. "Няма на свеце большага гора, чым страта блізкага чалавека, але для гэтага яму зусім неабавязкова паміраць", — прагучала з экрана. Сапраўды, калі чалавек трапляе ў палон да спіртнога, родныя і блізкія яго страчваюць, ды і сам ён губляецца ў жыцці. Апухлыя твары, знявечаныя целы, бессэнсоўныя позіркі, усыпаныя бутэлькамі кватэры, што нагадваюць сметнік… Ад убачанага неяк не па сабе. Што далей? Многіх гэтая крывая сцяжынка прыводзіць у месцы пазбаўлення волі, некаторых назаўсёды. Ніхто не жадае такой будучыні для сваіх дзяцей.
Нярэдка ўсё пачынаецца, здаецца, з бяскрыўднай кружкі піва ў кампаніі сяброў.
Прыклады, як дзеці ўначы праводзяць час у барах, прывёў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Аляксандр Іванавіч Курдутаў. Ён пазнаёміў прысутных з прычынамі пастаноўкі падлеткаў на ўлік у інспекцыю. Гэта далёка не лепшым чынам уплывае на іх далейшае жыццё, а часам поўнасцю перакрэслівае планы па выбары прафесіі. Таму бацькі павінны часцей расказваць малым пра тое, што добра, а што дрэнна.
Карысныя парады па выхаванні дзяцей дала педагог-псіхолаг СШ №3 Аліна Браніславаўна Ляшук. Закранула яна і "камп'ютарную" тэму, якая цяпер асабліва актуальная. Празмернае захапленне віртуальнымі зносінамі і онлайн-гульнямі таксама шкодзіць здароўю.
У заключэнне бацькам яшчэ раз нагадалі, што трэба любіць сваё дзіця такім, якое яно ёсць, з павагай адносіцца да асобы маленькага чалавека і ва ўсім быць для яго добрым прыкладам.
Кацярына СУРАВЕЦ.