
23 лістапада "Віцебскія весці" прынеслі паведамленне, што ў абласную друкарню здадзена дакументальная кніга "Натхнёны захавальнік часу" пра колішняга кіраўніка архіўнай службы Віцебшчыны Міхаіла Пішчулёнка. Ён вельмі шмат зрабіў у гэтай галіне, але, на жаль, рана пайшоў з жыцця. Гэтае імя не раз гучала тым суботнім днём і ў Міёрах, дзе М. Пішчулёнак узначальваў раённую камсамольскую арганізацыю, а на традыцыйную сустрэчу сабраліся яго былыя калегі — былы камсамольскі актыў.
Што маладзёжныя важакі розных пакаленняў у чарговы раз пабачыліся, заслуга цяперашняга першага сакратара РК ГА "БРСМ" Марыны Кашкур і яе папярэдніцы Ірыны Чарняўскай. Яны і вялі сустрэчу, падрыхтавалі відэафільмы па гісторыі камсамолу, пра ўклад у маладзёжны рух мясцовага актыву. Яе ўдзельнікаў вітала намеснік старшыні райвыканкама Марыя Баніфатава.
Заканамерна, што агульную размову распачала Зоя Крот. Яна была першым сакратаром Міёрскага РК ЛКСМБ у 1976-77 гадах. Потым узначаліла абкам камсамола, пазней з'яўлялася дэпутатам беларускага парламента. І цяпер яна ў цэнтры грамадскага жыцця Віцебшчыны. А сэрцам, памяццю заўсёды побач з былымі камсамольцамі. Вось Мікалай Рабчонак стаў генералам і прыслаў прывітанне з Мінска. Віктар Пабяржын шмат гадоў узначальвае фінансавы аддзел райвыканкама. Органам унутраных спраў прысвяціў сваё жыццё Эдуард Кудраўцаў, ва ўладных структурах быў заняты Цімафей Самуль.
Пайшлі з жыцця, але пакінулі пра сябе добрую памяць у гісторыі маладзёжнага руху на Міёршчыне С. П. Матэленак, У. А. Кавалёнак, Г. М. Кашпар, М. У. Пішчулёнак. Іх памяць ушанавалі хвілінай маўчання.

Чым запомнілася камсамольская работа? Яна ніколі не ўкладвалася ў звычайныя рамкі "ад і да". Сустрэчы ў пярвічках, розныя акцыі, студэнцкія атрады. І падтрымка членаў сям'і. Нярэдка даводзілася дабірацца пешшу ў аддаленыя вёскі ці школы. Але хапала энтузі-язму, запалу, наперад клікала маладосць.
Прадоўжыла размову Зоя Пучкоўская, якая пачынала працоўны шлях на Міёршчыне ў роднай Язненскай школе. Успамінае, як займалася гаспадарчымі і грамадскімі справамі. Арганізоўвалі донарства, падбіралі актыў, за якім ішла моладзь.
У суседнім раёне пачынаў працаваць у камсамоле Віктар Тарасевіч. Але ўжо тады ведаў нямала актывістаў маладзёжнага руху з Міёршчыны. Ён сведчыць, што сярод кіраўнікоў маладзёжных арганізацый не было гультаёў. Яны спраўляліся са сваімі нялёгкімі задачамі. Камсамол для іх стаў вялікай школай жыцця.
Прадоўжыў тэму Міхаіл Бас, які цяпер жыве і працуе ў Браславе. Так, укладвалі ў працу душу, не лічыліся з часам, з'яўляліся пачынальнікамі розных спраў. Запомнілася арганізацыя першых Купалляў. Лічыць, што і цяпер у маладзёжным руху нямала цяжкасцяў, якія вырашаюць сучасныя актывісты, такія ж актыўныя і няўрымслівыя.

На здымках, што прамільгнулі на экране аб дзейнасці раённай камсамольскай арганізацыі на працягу дзесяцігоддзяў, Анатоль Будзько ўбачыў свайго бацьку. Ён захоўвае яго камсамольскі білет, пазначаны 1935 годам. І сам прайшоў школу жыццёвага выхавання ў маладзёжнай арганізацыі. Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Кавалёнка асвоіў азы работы з моладдзю, а потым узначальваў Расонскі РК ЛКСМБ. З'яўляўся камісарам студэнцкага атрада. Лічыць, што разам з іншымі беларускімі хлопцамі і дзяўчатамі ўпісаў свой радок у гісторыю краіны. І цяпер галоўнае — патрыятызм, мэтанакіраванасць, служба Айчыне.
— Усе цяжкасці дапамагаў пераадольваць малады запал, — так лічыць Ала Смерцьева. Яна пачынала працоўны шлях настаўніцай і сакратаром камсамольскай арганізацыі школы. А стаць сакратаром райкама камсамола яе запрасіў першы сакратар РК КПБ В. А. Агееў. Засталася ўдзячнасць калегам, якія дапамагалі пераадольваць цяжкасці, з кім разам вучылася складанаму майстэрству выхавання моладзі.
Засталіся ў памяці лепшыя моманты работы ў раённай маладзёжнай арганізацыі ў былых настаўнікаў Яўгеніі Тамашэвіч, Антаніны Кляшчонак, іншых удзельнікаў сустрэчы. І малады запал у вачах, і вернасць камсамольскай песні. Здавалася, што гэтыя людзі памаладзелі не на адзін дзясятак гадоў.
На здымках: удзельнікі сустрэчы былых камсамольцаў.
Леанід МАТЭЛЕНАК.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.