Ва ўсіх вёсках, якія раней з'яўляліся цэнтральнымі сядзібамі калгасаў і саўгасаў, дзейнічалі паштовыя аддзяленні сувязі. Аднак з цягам часу некаторыя населеныя пункты сталі неперспектыўнымі, пачаўся адток жыхароў ў гарады. У сувязі са змяншэннем сяльчан зменшыўся і попыт на паштовыя паслугі. Работа шэрагу аддзяленняў сувязі стала нерэнтабельнай, з-за чаго іх давялося зачыніць. Аднак, як тлумачыць начальнік раённага вузла паштовай сувязі Андрэй Эдуардавіч Масла, без прадугледжаных сацыяльнымі стандартамі паштовых паслуг сельскія жыхары не засталіся:
— У 2011-ым годзе на Міёршчыне з'явілася новая форма абслугоўвання — пошта на колах. Напачатку калясіла адно перасоўнае аддзяленне сувязі, а цяпер іх два. Поштамабілі прыяз-джаюць у вёскі, як гэта прадугледжана сацыяльнымі стандартамі, пяць разоў на тыдні. Аказваюць усе віды паштовых і ня-профільных паслуг: дастаўляюць газеты і часопісы, якія мясцовыя паштальёны разносяць адрасатам; афармляюць падпіску на перыядычныя выданні; прывозяць карэспандэнцыю, пасылкі і прымаюць іх ад насельніцтва для адпраўлення; выконваюць фінансавыя аперацыі па пагашэнні банкаўскіх крэдытаў, разліках за тэлефонную сувязь і Інтэрнэт, аплаце камунальных плацяжоў; прадаюць спажывецкія тавары, у тым ліку па заяўках, дарэчы, яны таннешыя, чым у магазінах … Спектр паслуг вельмі шырокі. Высокатэхналагічнае абсталяванне паштовых машын, якія маюць аўтаномныя крыніцы электрасілкавання, арг-тэхніку, паштова-касавыя тэрміналы, дапамагае задавольваць усе запыты кліентаў.
Маршрут поштамабіля, якім кіруе Віктар Шук, пралягае праз населеныя пункты Язненшчыны. А загадвае перасоўным аддзяленнем сувязі Дзмітрый Піскун. Іншы напрамак трымае Аляксандр Дзям'янаў. За выключэннем выхадных і святаў, ён едзе ў Дворнае Сяло, дзе затрымліваецца на дзве гадзіны для аказання розных відаў паштовых паслуг. Гэты работнік сумяшчае абавязкі вадзіцеля і загадчыка перасоўнага аддзялення сувязі.
У сувязі са змяншэннем колькасці падпісчыкаў і скарачэннем стацыянарных устаноў пошты ў нашым раёне паменела і паштальёнаў. А таму ў некаторыя населеныя пункты арганізавана мотадастаўка перыёдыкі і карэспандэнцыі. З гэтым паспяхова спраўляюцца вадзіцелі раённага вузла сувязі. У кожнай вёсцы ўстаноўлены паштовыя скрынкі, куды і дастаўляюць штодзённа свежыя газеты, часопісы, пісьмы. Так абслугоўваюцца Канахі, Свярдлы, Крыштулі, Орцы, Чурылава Бліжняе, Александрова і іншыя невялікія вёскі.
Як сцвярджае кіраўніцтва раённага вузла сувязі, да новых форм абслугоўвання сельскія жыхары ўжо прывыклі, хаця напачатку новаўвядзенні іх вельмі бянтэжылі. Ужо ўпэўніліся, што поштамабілі па колькасці паслуг не саступаюць стацыянарным установам.
Эліза БЛАЖЭВІЧ.