— Няўжо такую прыгажосць зрабілі мы? — дзівіліся жанчыны выставе сваіх твораў у тэхніцы вышыўкі атласнымі стужкамі. У зале тэрытарыяльнага Цэнтра 27 мая пахла свежымі кветкамі. Прыгожыя і ўбраныя міярчанкі разглядалі вырабы адна адной, з ахвотай зладзілі для сябе фотасесію і працягнулі размову за кубачкам водарнай гарбаты. '
— У гуртку рукадзелля "Кудзесніцы" займаюцца 13 жанчын. Сёння ў нас выніковая сустрэча, бо пачынаецца адпачынак. Да пасадкі агародаў чаравалі на палотнах, а зараз—натуральна. Восенню адкрыецца новы сезон, ёсць пэўныя ідэі. Цяперашняя выстава—раскоша, яркасць колераў,—расказвае кіраўнік гуртка, спецыяліст тэрытарыяльнага Цэнтра Валянціна Пундзіс.
З агульнай размовы акрэслілася, што кожная жанчына нібы асобная чароўная кветачка, якая мае свой колер, унікальную прыгажосць і ўласную жыццёвую гісторыю, сакрэты.
Ніна Федуковіч у гуртку вышывае год, раней асвойвала камп'ютарную пісьменнасць. Захопленая спортам, наведвае фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Займаецца пэчваркам—з абрэзкаў шые коўдры, навалачкі. Ніна Міхайлаўна мае тры карціны са стужак—сланечнікі, рамонкі, зараз шчыруе над астрамі. Любых кветак мае шмат і лічыць палявы рамонак нічым не горшым за ружу, якую так песцім дома. Пераважаюць выявы з натуры—лепш за ўсё па фотаздымках. Адзіная праблема—на заслужаным адпачынку не хапае часу. Каб тварыць, даводзіцца адкладваць бытавыя справы. Мара таленавітай жанчыны—здароўе родных. А сцены для карцін рыхтуюцца—рамонт напалову зроблены.
Ніна Ігошына стужкавым вышываннем вельмі захапілася, словам, да яго прырасла. Пачала чацвёрты твор. Сама таксама бярэ за прыклад нейкі ўзор, але, што атрымліваецца—адрозніваецца ад арыгіналу, бо ўкладаюцца свае душа і разуменне. І лічыць натхненне патрэбным у гэтым мастацтве. Займаецца спортам, чытае газеты, са спрытам рыбачыць, гатуе рыбныя катлеты са сметанковым маслам у сярэдзіне, летам дае водпускі ў кіёсках, самастойна вучыць французскую мову і марыць здзейсніць падарожжа ў Парыж.
—За што люблю гэтых жанчын? Калі яны збіраюцца—не размаўляюць пра хваробы. Іх тэмы—пафарбавала валасы, занялася спортам, нешта прыгатавала—толькі пра пазітыў,—адзначае Валянціна Пундзіс.
Рэгіна Аланцьева прыкмячае, што тэрытарыяльны Цэнтр—своеасаблівая аддушына. Тут цёплая атмасфера і добразычлівы, сардэчны персанал, у якога хапае цярпення, клопату, увагі. З пенсіянерамі так жа цяжка, як і з малымі дзецьмі. Летась з задавальненнем наведвала ў Цэнтры камп'ютарныя курсы, атрымала сертыфікат. Жыве з мамай, якой 95. Да здаровага ладу жыцця далучыла пазітыўная сям'я масквічоў, у якіх працавала. Стараецца трымаць форму, займаецца спортам. Да вышыўкі стужкай майстравала крыжыкам. З заняткаў падчэрпнула многае, але асабліва запомнілася, што ў творах не павінна быць сіметрыі, бо яе ў прыродзе не існуе.
Галіна Фаламеева занята ў тэрытарытарыяльным Цэнтры сядзелкай. Далучылася да гуртка з сёлетняга года. Тут і заразілася стужкавай вышыўкай. Да гэтага вязала кручком і спіцамі. Напрацавала пяць твораў. Зразумела, што чараваць можна не толькі на палатне ў аправе—так нарадзілася касметычка.
Людміла Кушуць пра кампазіцыі думае нават ноччу. Ва ўласным набытку—пяць выяў. Усведамляе, што кожная наступная карціна лепш за папярэднюю, бо майстэрства ўдасканальваецца з вопытам. Часам даводзілася і перарабляць. Людміла Мікалаеўна—аптымістка і гумарыстка. Лічыць, што пасля пенсіі жыццё толькі пачынаецца. І ёй на заслужаным адпачынку не хапае часу. Па адукацыі—архітэктар, таму выдатна адчувае колер і форму. Любіць рыбалку, грыбы і творчыя спрэчкі, у якіх, як мяркуе, нараджаецца ісціна.
Ала Сінкевіч трымае гаспадарку, садзіць агарод, а на прысядзібным участку стварыла райскі куточак, дзе растуць гладыёлусы, хрызантэмы, флоксы, цюльпаны, салата і… ўсё, што трэба. Прыйшла ў гурток пазней за ўсіх, ды паспела вырабіць сем кампазіцый. Да гэтага са школьнага часу зусім не вышывала, толькі вязала крыжыкам. На сваіх палотнах адлюстроўвае рамкі. Лёс наканаваў стаць удавой, таму жыве адна, спраўляецца з усім сама. Унучка Паліна Паршута таксама ўмеліца: вяжа, майструе з бісеру, шые. Таленавітая ў гэтым і дачушка Алы Леані-даўны Вольга. Такім чынам, сфарміравалася рукадзельная дынастыя.
Ада Купчанка—ветурач па адукацыі—упершыню вышыўкай занялася таксама ў гуртку. Паплечніцы яе называюць ударніцай, бо да кожнага занятку прыносіць новую кампазіцыю. Найпершая прычына хуткасці—імпэт скончыць. Вырошчвае кветкі, у асноўным іх і адлюстроўвае на палотнах. Ноччу, у адрозненне ад некаторых сябровак па гуртку, ніколі не шчыруе, а адпачывае. Прызнаецца, што часу ёй хапае заўсёды і на ўсё. На ўласную думку, схільнасці да малявання не мае і не лічыць пры вышыванні яго абавязковым, але неаспрэчна—спрыяльным.
Таццяна Ярмош вышывае з другога класа. Памятае—не хапала нітак. Пачынала гладдзю, потым крыжыкам—у гэтай тэхніцы створана мноства карцін і нават чатыры дываны. Прызнаецца, што спачатку выношвае ідэю. Захапілася і стужкамі—мае 9 кампазіцый. Майструе дзясятую—рамонкі. Наогул, усё жыццё любіць кветкі. Здольная Таццяна Мікалаеўна і да малявання, што, безумоўна, толькі спрыяе яе справе.
На выставе прадставіла свае работы Зоя Родзіна, якая, на жаль, не змагла прысутнічаць на пасядзелках. Кіра Бендзікава, Людміла Шчасная, Галіна Конанава, Часлава Ашурка—асобы адмысловыя, таксама праявілі сябе ў вышыўцы.
Творчыя жанчыны хоць на заслужаным адпачынку, але дадуць фору многім маладым: амаль усе—сяброўкі "Бажэны", наведваюць лазню і басейн, вядуць здаровы лад жыцця і ўпэўнены, што старасць іх дома не застане, бо яны заўсёды ў дарозе. А яшчэ майстрыцы вельмі ўдзячны свайму кіраўніку—таленавітай Валянціне Пундзіс, адзначаюць яе незвычайную тактоўнасць, уменне, вытрымку, велікадушнасць, шчыра рады супрацоўніцтву. Іх любімы першапраходца ў стужкавым майстэрстве мае вялікую цягу да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ды і за плячыма ў яе—універсітэцкае мастацка-графічнае аддзяленне.
Выставе кампазіцый вы, шаноўныя чытачы, можаце падзівіцца на працягу двух тыдняў у зале тэрытарыяльнага Цэнтра.
Алена БАСІКІРСКАЯ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.