> Грамадства > С хорошим настроением!

С хорошим настроением!


12-10-2012, 10:18. : gazeta

С хорошим настроением! Ад чаго залежыць поспех у асабістым жыцці, у зносінах з людзьмі, у працоўнай дзейнасці. Скажаце, ад наяўнасці адпаведных рыс характару ці ўдалага збегу абставін. Можа быць. А яшчэ даволі значную, калі не галоўную, ролю іграе ваш настрой. Згадзіцеся, наўрад ці “клюне” фартуна на пануры выгляд і пастаянную незадаволенасць. “Лічаць, што поспех прыходзіць да тых, хто рана ўстае. Не, поспех прыходзіць да тых, хто ўстае з добрым настроем”, — пісаў французскі драматург М. Ашар. Але адкуль узяць пазітыў, калі, здаецца, што для радасці зусім няма прычын?

 

Псіхолагі лічаць, што добры настрой — прывычка, якую можна ў сябе выпрацаваць. І гэта нескладана. Кожны дзень некалькі хвілін трэба патраціць на тое, каб выкінуць з галавы песімістычныя думкі і заўважыць штосьці добрае вакол.

Праўда, пазітыўны настрой можа знікнуць так жа хутка, як і з’явіўся. А прычынай будуць падгарэлая манная каша, згубленая набойка, недарэчная фраза калегі ці надакучлівы дробны дождж. Толькі гэта дробязі, і зусім неабавязкова надаваць ім вялікае значэнне. А сапраўдныя праблемы павінны быць штуршком да дзеяння, а не падставай для скарагаў на жыццё.

 

Будзьце ў тонусе!

Заставацца на хвалі добрага настрою дапамогуць наступныя простыя сакрэты:

--     усміхайцеся! Не хочацца? Мора праблем і думкі занятыя негатывам… Але ж гэта вашы думкі, і вы можаце думаць інакш! Вядома, для гэтага трэба крыху намаганняў прыкласці. Настройцеся на пазітыў — і справы пойдуць весялей;

--     прагуляйцеся! Няспешная прагулка па парку карысная і для фізічнага здароўя, і нервовае напружанне здымае;

--     панюхайце апельсін! Прыемныя пахі ўзнімаюць настрой усяго за некалькі секунд, а першае месца ў рэйтынгу арамадэпрэсантаў займае пах свежых апельсінаў. Далей ідуць водары лімона, лаванды, сасны, эўкаліпта. А ўвогуле самі можаце выбраць той пах, які выклікае ў вас станоўчыя эмоцыі;

--     з’ешце шакаладку! Даўно вядома, што шакалад — генератар добрага настрою. Ён стымулюе выпрацоўку эндарфінаў — так званых гармонаў шчасця. Той жа эфект даюць бананы і грэйпфруты. Толькі пачуццё меры захоўвайце!

--     выпусціце негатыў! Калі злосць і раздражненне бяруць верх — пабаксіруйце падушку. І напружанне знята, і кулакі не баляць.

 

У Кітаі і Сінгапуры карыстаюцца папулярнасцю ўстановы, дзе кліенты могуць пабіць посуд ці накрычаць на афіцыянта. Праўда, за гэта таксама трэба заплаціць. Вы можаце запусціць кружкай ці талеркай у сцяну абсалютна бясплатна, а потым незнарок намякнуць родным, які падарунак хацелі б атрымаць на бліжэйшае свята.

Словам, не трымайце негатыўную энергію ўнутры, інакш яна там прыжывецца і ператворыцца ў чарговую балячку. Знайдзіце найбольш прымальны для вас спосаб разрадкі і карыстайцеся ім пры першай неабходнасці.

 

“Поделись улыбкою своей…”

Успомнілі радкі цудоўнай песенькі з мультфільма пра маленькага янота?! Часцей іх прыгадвайце і дзяліцеся радасцю з людзьмі, што побач. Стварайце вакол сябе астравок пазітыву. Бярыце з сабой усмешкі і добры настрой — і поспех дагоніць!

 

Кацярына СУРАВЕЦ.