> Грамадства > Коммунальные вопросы — частные и общие

Коммунальные вопросы — частные и общие


21-01-2014, 11:52. : gazeta

 Коммунальные вопросы — частные и общие
14 студзеня "прамую лінію" праводзіў дырэктар УП ЖКГ У. І. Мяцеліца.
Да яго звярнулася 9 жыхароў райцэнтра. Якія праблемы яны ўзнімалі?

 

— Гэта звычайныя пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, — адзначае Уладзімір Іванавіч. — Так, жыхарка дома №2 па вул. М. Багдановіча Капусцёнак адзначыла няякасную ўборку пад'езда і няпоўнае закрыццё ўваходных дзвярэй. У гэтым жа доме ў адной з кватэр выцяжная вентыляцыя дзейнічае ў "зваротным рэжыме". Якімёнак з кватэры №4 дома №2 па вул. Дзяржынскага паскардзілася на нізкую тэмпературу ў жыллі. Пры тым ёй даводзіцца плаціць за ацяпленне столькі ж, як і тым, у каго нарошчаны дадатковыя секцыі на батарэях.

 

Жыхары дома №3 па вул. Я. Томкі папрасілі паставіць дадатковыя кантэйнеры для збору смецця. У доме №6 па гэтай жа вуліцы і №42 па вул. Камуністычнай на лесвічных пляцоўках і ў пад'ездах па-ранейшаму пакідаюць веласіпеды, а падвалы загрувашчваюць скрынкамі і іншымі рэчамі.

Дрэннае асвятленне адзначана на вуліцы Будаўнічай, а яшчэ яе трэба падсыпаць.

 

На пытанні, якія не патрабуюць дадатковага вывучэння, адказы дадзены ў час тэлефоннай размовы, а па астатніх у гэты ж дзень на вытворчай нарадзе дадзены даручэнні майстрам па выпраўленні сітуацыі.

 

— Добраўпарадкаванне — гэта вуліца з двухбаковым рухам. З якімі праблемамі камунальная служба хацела б звярнуцца да жыхароў райцэнтра?

 

— Мы рэгулярна праводзім сустрэчы, сходы з жыхарамі шматкватэрных дамоў, размяшчаем інфармацыю на дошках аб'яў пра тое, што пакідаць веласіпеды, дзіцячыя каляскі і іншыя рэчы ў пад'ездах, у агульных памяшканнях падвалаў катэгарычна забараняецца. Не толькі таму, што камунальная служба не нясе адказнасці за іх захаванне, калі здараюцца крадзяжы. Але ж яшчэ псуецца афарбоўка сцен, аббіваецца тынкоўка, горшым становіцца падход да ўласнай кватэры.

 

Уся маёмасць павінна захоўвацца ў кватэры, або ў асабістых падвальных памяшканнях. За апошнія два месяцы брыгада нашых работнікаў тройчы аб'ехала ўсе шматкватэрныя дамы ў горадзе і ўбрала з падвалаў аконныя рамы, знятыя старыя дзверы, упакоўкі ад халадзільнікаў, рэшткі будаўнічых матэрыялаў і многае іншае. Заклікаю і жыхароў такога жылля беражліва адносіцца да агульнай маёмасці, разумна распараджацца месцамі агульнага карыстання. Чым лепш мы захаваем нашы пад'езды, тым менш вашых уласных сродкаў спатрэбіцца на іх рамонт.

 

— Але ж размову трэба весці не толькі пра пад'езды і падвалы…

 

— Сапраўды, гэта так. За апошнія гады не толькі падвальныя памяшканні, але і гарышчы мы неаднаразова абсталёўвалі запорамі, куплялі для іх замкі з тым, каб самі жыхары адчынялі і замыкалі дзверы толькі па меры неабходнасці. І ў некаторых дамах такая практыка прыжылася, але ж нярэдка запорныя прыстасаванні ламаюць, замкі выкідваць ці крадуць, а дзверы застаюцца адчыненымі.

Зусім нядаўна, у снежні мінулага года, усе запорныя прыстасаванні былі адноўлены, куплена патрэбная колькасць замкоў. Прапаную і пераканаўча прашу ўсіх жыхароў шматкватэрных дамоў дамовіцца між сабой, як і хто замыкае і адмыкае ўсе дзверы, у каго і дзе знаходзяцца ключы. Павінна стаць правілам, што падсобныя памяшканні, якімі ў гэты момант не карыстаюцца, павінны быць замкнёнымі.

 

А вось пастаянная "зімовая" праблема: часта жыхары шматкватэрных дамоў скардзяцца на дрэнную ачыстку ад снегу дваровых тэрыторый. У пэўнай ступені гэта звязана і з тым, што праезду снегаачышчальнай тэхнікі перашкаджаюць прыпаркаваныя легкавыя і грузавыя аўтамашыны. Па ўзгадненні з ДАІ ў бліжэйшы час будуць устаноўлены дарожныя знакі, якія забараняюць стаянку аўтамашын ля пад'ездаў у перыяд з 22 гадзін вечара да 7.00 раніцы. Аўтамабілі неабходна ставіць альбо ў гаражы, альбо на спецыяльна адведзеных  для гэтага пляцоўках. Напомню, што вялікагрузныя "фуры" можна размясціць на "начлег" на платнай аснове ў філіяле АТП №15 і райаграсэрвісе.

 

— На вуліцах і ў дварах райцэнтра стала больш чыста, і ўсё ж…

 

— З гэтым можна пагадзіцца. Толькі правільна кажуць, што чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць. А ў нас нярэдка здараецца, калі асобныя грамадзяне адносяць пакет са смеццем не ў кантэйнер, а пакідаюць яго ў падвале, нават запіхваюць у ўрну ля пад'езда. Плёнка рвецца, смецце рассыпаецца, справу працягваюць вецер, бадзячыя каты і сабакі. Таму не трэба ўскладваць віну за антысанітарыю толькі на камунальную службу. А яшчэ паглядзіце, што робіцца ля дамоў вясной, калі растае снег! Усё ўсцелена акуркамі, абрыўкамі паперы і плёнкі, пластыкавымі бутэлькамі і многім іншым, што нярэдка выкідваецца з фортак і балконаў.

 

Камунальная служба раёна будзе імкнуцца лепш рабіць сваю частку работ па добраўпарадкаванні, санітарнай ачыстцы, падтрыманні жылля, дарог, вуліц і двароў у належным стане. Але трэба, каб і кожны жыхар райцэнтра разумеў сваю ролю і адказнасць у гэтай важнай справе.

 

Падрыхтаваў Леанід МАТЭЛЕНАК.