
На семінары-практыкуме па фальклору, які праводзіўся 23 чэрвеня на базе Цвецінскага ДФ для работнікаў клубных устаноў раёна, мясцовы творчы калектыў прадстаўляў абрад веснавога цыкла земляробчага календара — Юр’е. У адпаведнасці з хрысціянскімі традыцыямі Святы Юрый лічыцца ахоўнікам хатняй жывёлы і дзікіх звяроў і з’яўляецца адным з найбольш ушаноўваемых. У некаторых народаў, напрыклад у балгараў, Юр’е пераважала нават над Вялікднём. Прымаўка сцвярджае, што Святы Юрый зямлю адмыкае, расу пускае, і таму ўсе земляробчыя работы даўней пачыналі толькі калі надыходзіў дзень яго ўшанавання. Наогул, на працягу года адзначаюцца два Юр’і: 6 мая – галоднае і 9 снежня – халоднае. На Беларусі таму казалі: ”Ёсць на свеце два Юр’і і абодва дурні”. Абрад, які прадэманстравалі работнікі Цвецінскага ДФ, заснаваны на аўтэнтычным мясцовым фальклоры. У ім прагледжваецца метад пераемнасці.

Калектыў Павяцкага сельскага Дома культуры падрыхтаваў да гэтага мерапрыемства сёмушныя забавы, якімі суправаджаецца свята маладой зеляніны, пераможнага шэсця вясны — Тройца. У правядзенні абраду ва ўсіх славянскіх народаў выразна прасочваюцца два асноўныя накірункі — культ продкаў і культ расліннасці. Што да самой абраднасці, то яна была комплексная, тэрытарыяльна абмежаваная. У некаторых мясцінах “вадзілі куст”, завівалі бярозку, пад якой праходзілі парамі дзяўчаты — куміліся. Менавіта гэтыя элементы і былі адлюстраваны ў гульнёвай праграме. Удзельнікам семінара пашанцавала паспрабаваць троецкую нацыянальную страву – “казулі” ( яйка, запечанае ў хлебе), пагуляць у традыцыйныя гульні, нават паваражыць на будучы лёс і “пакуміцца, каб не сварыцца”.
В. ПАШКОЎСКАЯ,
вядучы спецыяліст РМЦ НТ і КАР.