З новым… дыпломам!
З пазітыўнымі ўражаннямі і прыемнымі ўспамінамі вярнуліся ўдзельнікі Народнага тэатра Міёрскага РДК з абласнога конкурсу “Навагоднія цуды”, што 20 студзеня прайшоў ва Ушачах. Сюжэтна-гульнёвыя і шоу-праграмы на мерапрыемстве прадставілі 20 калектываў з розных раёнаў.
Міярчане пачыналі творчае спаборніцтва. Гледачам на забаву і журы на суд яны прывезлі тэатралізаванае прадстаўленне “Навагоднія прыгоды Элі і яе сяброў”.
Па ўмовах конкурсу на выступленне адводзілася 20 хвілін. За такі невялікі час героі з любімай многімі казкі “Чараўнік ізумруднага горада” — саламяны Страшыдла, баязлівы Леў, Жалезны дрывасек, добрая дзяўчынка Элі і злая чараўніца Генгема— выклікалі сімпатыю ў залы. Для гэтага пастараліся выканаўцы роляў Святлана Яроменак, Іосіф Вільчынскі, Сяргей Яроменак, Яна Шмарлоўская і Алена Шангіна. Значная заслуга і Тэатра авангарднай моды РДК, бо касцюмы для казачных вобразаў стварылі яго ўдзельнікі.
Ну а галоўнымі героямі прадстаўлення былі, вядома, Дзед Мароз (Аляксей Гайдзель) і Снягурачка (Марыя Вішнёвая). Чары, насланыя на іх злой Генгемай, разбурыліся, дабро перамагло зло.
Па сцэнарыі, у канцы навагодняй казкі жаданні герояў спаўняюцца. Страшыдла, Жалезны дрывасек і Леў атрымліваюць ад Дзеда Мароза запаветныя падарункі.
А па рашэнні журы, Народны тэатр Міёрскага РДК узнагароджаны дыпломам “За лепшую праграму для дзяцей і падлеткаў”. Самі ж артысты засталіся ўдзячнымі ўшацкай публіцы за цёплы прыём.
Кацярына СУРАВЕЦ.