У сярэдзіне красавіка народны тэатр мініяцюр "Свае хлопцы" паўдзельнічаў у абласным фестывалі гумару "Смяяцца не грэх" у Шуміліне. Артысты прыехалі дадому натхнёныя шчырымі апладысментамі, прыемнымі водгукамі і цёплымі словамі ад журы.
Вынікі падведзены, міярчане атрымалі шмат узнагарод. Абласны метадычны Цэнтр народнай творчасці ўшанаваў Святлану Гайдзель за лепшы жаночы вобраз другога плана, а таксама ў намінацыі індывідуальнага выканальніцтва. Алена Басікірская ўзнагароджана за аўтарскую дэкламацыю. Відэакліп нашага тэатра прызнаны самым гумарыстычным. У "Сваіх хлопцаў" — дыплом ІІ ступені ў намінацыі "Творчы калектыў". У падарунак гумарысты атрымалі вешалку, бо тэатр, як казаў вядомы расійскі рэжысёр, акцёр і педагог Канстанцін Станіслаўскі, пачынаецца менавіта з яе. Толькі выток "Свае хлопцы" ўзялі яшчэ ў 1992-м і, як бачым, плённа працягваюць. Шчыра віншуем землякоў з удалым выступленнем! Іншага шляху няма, як толькі наперад!
Алена БАСІКІРСКАЯ.