> Культура > Як з цешчай знаёміліся

Як з цешчай знаёміліся


28-06-2011, 13:21. : gazeta

Як з цешчай знаёміліся
9 чэрвеня ў РДК прайшоў спектакль "Добры дзень, я ваша цешча!", пастаўлены мясцовымі артыстамі народнага тэатра па п'есе сучаснага драматурга С. Бялова "Матуля". Цікавы інтрыгуючы сюжэт, напал падзей, злабадзённасць — усё выдатна адлюстроўвалася на сцэне.

У аснове пастаноўкі знаёмства зяця з цешчай, але… з падстаўной. Нечакана з'яўляюцца і сапраўдныя бацькі нявесты, як жа вырашыць такую сітуацыю? Закручваецца інтрыга. Захапляльна і весела раскручваліся падзеі. Зала некалькі разоў проста выбухала апладысментамі.

У галоўнай ролі цешчы выступаў Андрэй Пісар, дачкі Марыны і зяця Яўгена — Вольга Пашкоўская і Алег Альхімовіч, бацькі Марыны — Святлана Яроменак і Аляксандр Гайдзель, міліцыянера іграў Дзмітрый Гаўрута, доктара Маргарыту Патапаўну — Алена Шангіна, яна ж і рэжысёр-пастаноўшчык спектакля. Харэаграфічныя эцюды ставіла Рэгіна Букіс, адказваў за гук і святло Яўген Мароз, а дэкарацыі прадумвала Святлана Яроменак.

На рэпетыцыі патрацілі тры месяцы. З Павяцця на іх на сваім транспарце прыязджаў Аляксандр Гайдзель, спяшаўся і Алег Альхімовіч да гурта з санаторыя "Расінка"… Клопат артыстаў узнагароджаны быў шквалам апладысментаў. Хочацца дадаць: хай шкадуе той, хто не пабачыў спектакль "Добры дзень, я ваша цешча!" Калі ж раптам з'явіцца такая магчымасць, то раю яе не ўпусціць, тым больш, што гэтую п'есу ставяць на сцэне Санкт-Пецярбургскага тэатра.

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.