
Рэспубліканскія газеты нядаўна шмат пісалі пра Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш. Здавалася, што гэтае мерапрыемства хаця і важнае, але сталічнае, далёкае. Ды не, закранула яно і нашу Міёршчыну, бо на ёй сярод мноства айчынных выданняў прадстаўлялі кнігу "казак гаспадара Пятра з-пад Полацка" "Зачараваная гаспадарка". Аўтар — Пётр Сіняўскі. Увазе дзяцей і дарослых ён прапануе 13 твораў, яны раней паасобку друкаваліся ў розных выданнях, а вось разам — ніколі. Анатацыя сцвярджае, што творы нашага земляка ўражваюць трапнай самабытнай мовай, а казачныя падзеі адмыслова знітаваныя з сучаснасцю. Але пра ўсё гэта так ярка ў "Слоўку пра аўтара" піша яшчэ адна зямлячка-казачніца Алена Масла, што паўтараць яе зусім непатрэбна.
Да каго прыходзіць шчасце
Слоўка пра аўтара
"Жыў-быў Мікіта: карыта разбіта, нячэсана воўна і ў двары работы поўна — каса не кляпана, канёк не каваны, мука не пытлявана, вяроўка парвана, ніўка не ўзарана.
Выйшаў Мікіта з хаты, глянуў наўкол—работы не адбавілася. Махнуў рукою: "Зраблю зімою"…
Так пачынаецца казка Пятра Сіняўскага "Самабраны абрус". У ёй гультай Мікіта выпраўляецца за трыдзевяць зямель, на кірмаш да караля Саса, дзе "… каралеўскія піва, хлеб і мяса", — шчасце шукаць.
Па свеце Мікіта павандраваў, шмат чаго пабачыў-паспытаў, каб зразумець, што "… не бывае на свеце, каб віламі не махаць, на пуп не падымаць, а толькі есці каравай, спаць, гуляць, пальцам ківаць ды на дзевак паглядаць". З гэтым разуменнем вяртаецца хлопец "… з-пад каралеўства Саса, не бачыўшы год ні хлеба, ні мяса". Бярэцца за працу дома, дзе "… усім вядома, салома ядома", — і становіцца Гаспадаром, да якога, адгукнуўшыся на шчыраванне і працавітасць, шчасце само прыходзіць у хату.
Адказнасць чалавека за свае ўчынкі, свой лёс і, як вынік, — лёс роднай зямлі — ці не галоўная тэма і гэтай, і іншых казак Пятра Сіняўскага. Варта прыгубіць гаючай вады з яго казачных крыніц, каб зразумець — вада гэтая жыццядайная, жывая. Казкай Пятро Сіняўскі дапамагае сучаснікам спасцігнуць свет і месца ў гэтым свеце кожнага з нас. А гэта задача не проста важная — вызначальная ў жыцці.
Пятро Сіняўскі нарадзіўся на поўначы Беларусі, на Мёршчыне, у вёсцы Клётаў Двор. Пасля бацькі пераехалі жыць у Язна. Юнак вучыўся ў Мёрскай школе рабочай моладзі, працаваў на будоўлі. Падчас працы ў Браслаўскім ПМК-145 быў пазаштатным карэспандэнтам раённай газеты "Браслаўская звязда". Калі ў трыццаць гадоў вырашыў паступаць на завочнае аддзяленне журфака, галоўны рэдактар "Браслаўскай звязды" А. В. Карэнька напісаў у характарыстыцы: "Хаця не такія частыя выпадкі, калі чалавек дазнаецца аб сваім прызванні ў сталым узросце, затое гэта якраз той выпадак, калі прызванне вызначаецца беспамылкова".
Так яно і сталася. Быў закончаны журфак, была праца ў абласной газеце "Віцебскі рабочы", у газеце "Народнае слова" ды іншых выданнях…
І былі КАЗКІ. Іх друкавалі і газеты, і рэспубліканскія літаратурныя часопісы. Віцебскі абласны тэатр "Лялька" па п'есе Пятра Сіняўскага "Сказ пра Гаўрылу з-пад Полацка" паставіў спектакль, які не сыходзіў са сцэны многія гады…
Пятро Сіняўскі пайшоў з жыцця ў лютым 2008 года. Ён памёр ад невылечнай хваробы на 62-м годзе ў роднай вёсцы Язна, куды разам са сваёй жонкай Саламеяй перабраўся з Віцебска.
Аднак пра такіх людзей, як Пятро Сіняўскі, не хочацца гаварыць у мінулым часе. Нават з кароткага аповеда відаць, што гэты чалавек — гаспадар свайго лёсу. Жыццё яго — прыклад таго, што ніколі не позна брацца спраўджваць свой покліч, здзяйсняць сваю маару — каб заняць сваё, толькі табе наканаванае месца пад сонцам. Да такіх людзей і прыходзіць шчасце.
Разуменне гэтага натхняе і дапамагае жыць. І натхняюць чароўныя казкі Пятра Сіняўскага, напісаныя трапнай, складанай мовай, дзе слоўца не адняць і не дадаць, дзе ўсё дыхае мудрасцю і прагай справядлівасці. Такія творы не старэюць, у іх ёсць сённяшні і заўтрашні дзень.
Пры жыцці Пятра Сіняўскага яго казкі друкаваліся ў перыядычных выданнях, але кнігай не паспелі стаць. Мы з вамі, сябры, першымі трымаем у руках казачную спадчыну Пятра Сіняўскага, сабраную пад адной вокладкай. Хараства і казачнасці кнізе дадаюць і цудоўныя ілюстрацыі мастачкі Марыі Каратаевай.
У гэтай кнізе столькі цяпла і сонечнага святла, што хопіць абагрэць усіх, хто прагне чысціні і дабра.
Спадзяюся, сябры, кожны сам зможа пераканацца ў праўдзівасці сказанага.
Застаецца адзначыць, што ў рэдакцыю кнігу «Зачараваная гаспадарка» даслала жонка Пятра Іванавіча Саламея з добрымі пажаданнямі ад усіх Сіняўскіх — Маргарыты, Дзмітрыя і Савелія. Дзякуй за падарунак для нас і шматлікіх чытачоў.
Л. МАТЭЛЕНАК.