> Літаратурная старонка > Славомир ДАРГЕЛЬ

Славомир ДАРГЕЛЬ


26-12-2013, 15:44. : gazeta

Ратавалі тапельца

 

Жыў у нашай вёсцы звычайны мужчына. Звалі яго Антось. Як і ўсе, касіў траву, араў поле, даглядаў статак. Любіў ён і чарку прыняць на грудзі. Іншыя, кульнуўшы кілішак-другі, а калі давядзецца, дык і трэці, паводзілі сябе сціпла. З жонкамі не сварыліся, спраўлялі дамашнюю гаспадарку і адпраўляліся адпачываць. А гэты не, вып'е, яшчэ дабавіць. Болей хоча, ды жонка не дазваляе, бо не будзе тады дапамогі па гаспадарцы. А ў яго пачынаюцца, як кажуць, конікі брыкацца. Хапае ў рукі вяроўку і крычыць на ўсю вёску: "Спаскудзіла гэтае жыццё, усё надакучыла, пабягу і павешуся". І бяжыць па агародзе да лазні, што ля возера. Там будзе вешацца.

 

Жонка на ўсю вёску лямантуе: "Людцы добрыя, ратуйце, карміцель павешаецца!" І бяжыць за ім. Дагоніць, адбярэ вяроўку, прывядзе дахаты, супакоіць… бутэлькай гарэлкі.

Спачатку суседзі таксама спяшаліся следам, каб не дазволіць Антосю павешацца. А потым зразумелі: ён такім чынам у жонкі выпрошвае бутэльку гарэлкі. І перасталі на гэта звяртаць увагу.

 

Аднойчы ў нядзелю вяскоўцы пачулі чарговы лямант жанчыны: "Людцы, ратуйце, тапіцца пабег!" Суседзі глянулі: імчыць па агародзе да возера Антось у ніжняй бялізне, а ззаду жонка з крыкамі даганяе. Мужыкі па звычцы не звярнулі на гэта ўвагі: як і раней, зноў у жонкі гарэлку патрабуе. Толькі чуюць, жанчына ўжо ля возера нямым голасам крычыць: "А Божачкі, утапіўся, на каго ж ты нас пакінуў!" Відаць, і на самай справе, кінуўся Антось у возера. Хоць яно і неглыбокае, але ж нецвярозы і ў лыжцы ўтопіцца.

Пабеглі мужыкі да возера. Жонка ў роспачы паказвае: "Вось ён з гэтай кладкі кінуўся ў ваду, толькі кругі пайшлі, і не вынырнуў ні разу".

 

Мужчыны ў вопратцы шуганулі ў возера. Шукаюць, не могуць знайсці тапельца. Вада празрыстая, цячэння няма, ды не бачна нічога. Хвілін пяць шукалі. Толькі адзін з мужчын глянуў на бераг у бок лазні і як закрычыць: "Глядзіце, наш тапелец жывы і здаровы! Стаіць за вуглом лазні і назірае, як мы яго ратуем".

А здарылася вось што. Пасварыўшыся з жонкай, Антось, як звычайна, пабег канчаць сваё жыццё самагубствам. Ля возера ён схапіў камень і кінуў у ваду, а сам лёг на зямлю і па баразне сярод бульбы папоўз да лазні. Жонка ягоны манеўр не заўважыла, а пабачыла толькі кругі на вадзе. І ўсё зразумела — карміцель утапіўся.

 

 Вылезлі мужыкі з возера, усе прамоклі да ніткі, падбеглі да жывога тапельца, надавалі яму па вушах, потым паўтарылі і яшчэ дабавілі ад паўнаты пачуццяў. У таго вушы сталі агнём гарэць, прыкладзі запалку — успыхне. Жонка ўбачыла жывога мужа і як з ім разбіраюцца мужыкі, зноў залямантавала: "Адпусціце карміцеля, калі не ўтапіўся, дык вы ж яго заб'еце!"

А мужыкі ўзялі гэтага не адбыўшагася тапельца за рукі і ногі і панеслі да возера. Ён заенчыў: "Злітуйцеся, я ж плаваць не ўмею!" Ды не дзейнічае ягоны енк. Узышлі на кладку, разгойдалі і кінулі ў возера. Хацеў тапіцца, дык тапіся, мы нават дапаможам. І гэтак зрабілі тры разы.

 

Выпаўз Антось з возера пасля трэцяга ўкіду і бягом да хаты. А ягоная жонка прыпаднесла мужыкам літр гарэлкі, трэба ж пагрэцца выратавальнікам пасля купання ў возеры. Антосю чарка не перапала.

Як там ні было, але пасля гэтага выпадку Антось болей не імкнуўся звесці рахункі з жыццём. Напэўна, хрышчэнне ў возеры дапамагло.