Бязвінныя ахвяры
27 студзеня — Дзень памяці Халакоста
Успамінаецца чэрвень 1992 года. Тады ўпершыню на месцы пахавання расстраляных яўрэяў з Дзісны адбыўся жалобны мітынг. З усіх куткоў былога Саюза прыехалі да магілы ля вёскі Восцевічы тыя, хто нейкім цудам выратаваўся ад фашысцкіх катаў, іх родныя.
14 чэрвеня 1942 года адбылася вялікая трагедыя: фашысты расстралялі 3800 яўрэяў з Дзісны. Гэтым самым салдаты са свастыкай выканалі яшчэ адзін пункт расавай тэорыі: дзісенскае гета было ліквідавана.
Пра трагедыю напамінае цяпер помнік, на якім на беларускай мове і іўрыце напісана, што тут фашысты ўчынілі расправу над бязвіннымі ахвярамі. Могілкі ў Восцевічах — сімвал людскога гора. Гэта сімвал людскіх пакут і сімвал людской мужнасці. Сёння іх можна назваць маленькім мемарыялам. Мемарыялам-сімвалам Беларусі-партызанкі — знявечанай, але не пакоранай.
З успамінаў Генадзя Рыгоравіча Вышынскага, жыхара Дзісны:
— Добра памятаю той злашчасны дзень 14 чэрвеня 1942 года. Мне было гадоў 19. Быў цудоўны летні ранак. Да таго ж — нядзельны. Як і заўсёды, маці ўстала рана, выгнала карову. Мы жылі па вуліцы Глыбоцкай, якая цяпер пераіменавана ў вуліцу імя Смірнова. Суседзямі былі яўрэйскія сем’і. Маё маленства праходзіла разам з многімі аднагодкамі з іх. Ніколі ніхто не падзяляў нас на людзей першага і другога сорту. Уздрыгнуў ад воклічу маці ў той дзень: “Уставай хутчэй! Нешта нядобрае задумалі фашысты.” Неўзабаве на вуліцы пачуліся стрэлы. Выглянуўшы ў акно, убачыў мноства карнікаў, якія гналі натоўп яўрэяў. Калі хтосьці рабіў спробу ўцячы, раздавалася аўтаматная чарга. А потым расстрэл у Восцевічах. Тут загадзя была выкапана глыбокая яма. Праз яе пакладзена дошка. Усё месца акружана нямецкімі салдатамі і паліцаямі. У гэтай жудаснай справе таксама праявіўся нямецкі педантызм. Мужчын аддзялілі ад жанчын. Па 5 чалавек загадвалі станавіцца на дошку. Гучала чарга, і целы людзей, прабітыя кулямі, звальваліся ў яму. Так дзейнічаў жудасны канвеер смерці ў гэты дзень.
Многія жанчыны-маці сваімі целамі закрывалі ад куль дзяцей. Карнікі разумелі, што кулі некага абмінулі, а таму кідалі ў яму гранаты. Некалькі чалавек каты пакінулі ў жывых. Найперш тых, хто меў высокую кваліфікацыю. Іх прымусілі працаваць, а потым расстралялі ля вёскі Дарожкавічы.
Памяць аб загінулых будзе жыць вечна, бо гэта памяць нашых сэрцаў.
Людвіг КАСАТЫ.