Падчас вясенняй паводкі магчыма падтапленне населенных пунктаў і тэрыторый у 40 раёнах Беларусі. Ускрыцце Заходняй Дзвіны, якая нярэдка падтаплівае і тэрыторыю нашага раёна, сёлета чакаецца ў красавіку. Максімальныя ўзроўні вады ў перыяд паўнаводдзя на рэках басейна Дзвіны прагназуюцца блізкімі да нормы ці вышэйшымі за яе.
З улікам дадзеных аб вышыні снежнага покрыва, глыбіні прамярзання глебы і паводкавых назіранняў за папярэднія гады на тэрыторыі Міёрскага, Верхнядзвінскага, Полацкага, Віцебскага і шэрагу іншых раёнаў вобласці сёлета вясной пры ўскрыцці Дзвіны магчыма падтапленне аб'ектаў і прыватных дамоў у нізінных месцах прыбярэжнай зоны, затапленне сельгасугоддзяў на пойменных участках, утварэнне ў асобных месцах ледзяных затораў, у тым ліку ля маставых збудаванняў.
Спецыялісты аварыйна-выратавальнай службы з Дзісны паведамілі, што Заходняя Дзвіна яшчэ знаходзілася пад ледяным покрывам, узровень вады быў нізкім. Дарэчы, апошняе дастаткова вялікае падтапленне жылых пабудоў Дзісны было ў 2010 годзе.
Э. БЛАЖЭВІЧ.