
Міёрскі раён за апошнія гады набыў пэўны вопыт у вырошчванні рапсу па новых тэхналогіях. Вось таму нам і спецыялістам суседняга Верхнядзвінскага раёна прапанавана правесці еўрасертыфікацыю вырошчвання гэтай культуры.
Пра запаўненне дэкларацый гаварыў 22 лістапада на нарадзе кіраўнікоў і галоўных аграномаў намеснік начальніка райсельгасхарчу В. У. Гагалінскі. Гэта не просты акт, які суправаджаецца афармленнем пакета дакументаў. Сертыфікацыя прадастаўляе магчымасць усёй Віцебскай вобласці рэалізоўваць у краінах ЕС рапсавы алей для вытворчасці біядызельнага паліва і на іншыя мэты. Але ж трэба абнавіць гісторыю палёў мінімум за апошнія тры гады, удакладніць дзе, калі, хто і на якім абсталяванні ўносіў мінеральныя тукі, арганіку, ядахімікаты, прывесці ў парадак іншую дакументацыю. Жорсткім патрабаванням санітарыі павінны адпавядаць складскія памяшканні, ахова працы, выкарыстанне тэхнікі. Адным словам, правесці еўрасертыфікацыю — гэта забяспечыць узорны стан дзейнасці ўсёй агранамічнай службы з улікам асаблівасцяў развіцця аграрнай галіны ў суседніх краінах.
Падрыхтоўчая работа пачалася. Наступным этапам будзе наведванне нашых гаспадарак еўрапейскімі спецыялістамі, якія ўдакладняць адпаведнасць тутэйшых тэхналогій і ўзроўню гаспадарання высокім стандартам.
Леанід МАТЭЛЕНАК.