Дырэктар Віцебскага філіяла РУП "Белпошта" Сяргей Максак у нядаўнім інтэрв'ю абласной газеце адзначыў, што па існуючых цяпер нарматывах адно сельскае аддзяленне паштовай сувязі павінна абслугоўваць 2 тысячы чалавек. Зыходзячы з гэтага, на Віцебшчыне неабходна пакінуць 148 такіх патрэбных насельніцтву ўстаноў з цяперашніх 396. А пакуль ім даводзіцца дзейнічаць і там, дзе зона абслугоўвання ад 150 да 700 жыхароў. Нават у аддаленыя вёскі накіроўваюцца паштальёны.
Пры павелічэнні цэн на ўсе выдаткі рэнтабельнасць паштовых паслуг зніжаецца, невялікія аддзяленні становяцца стратнымі. Іх вобласць прапануе аптымізаваць, калі няма перспектыў нарошчвання аб'ёмаў. І тут жа віцебскі начальнік тлумачыць, што гэта азначае: пошта застаецца са сваімі кліентамі, проста мяняе формы і метады работы з імі. Служба становіцца перасоўнай, а населеныя пункты далучаюцца да зон абслугоўвання бліжэйшых рэнтабельных аддзяленняў паштовай сувязі.
Больш таго, на пачатак года ў вобласці ўжо дзейнічала 51 мабільнае аддзяленне паштовай сувязі, 11 з іх з'явілася летась, сёлета будзе арганізавана яшчэ каля 20 мабільных маршрутаў. Сама больш поштамабіляў ужо дзейнічае ў Віцебскім, Полацкім, Пастаўскім, Сенненскім, Докшыцкім і Глыбоцкім раёнах. Прытым спектр паслуг застаецца ранейшым і нават пашыраецца. Сучасныя камп'ютарныя сістэмы дазваляюць забяспечыць прыём усіх плацяжоў, у тым ліку з безнаяўнай аплатай карткамі. Можна адправіць электронны грашовы перавод, заказное пісьмо ці пасылку, набыць тавары ў ранейшым асартыменце. Але такое паштовае аддзяленне на колах будзе дзейнічаць толькі пэўны час і ў вызначаным месцы, дзе аформяць інфармацыйныя стэнды, установяць скрынкі для карэспандэнцыі. Графікі прыезду ўзгодняць з насельніцтвам. Кожны маршрут абавязкова фарміруецца па-свойму, індывідуальна, з улікам мясцовых асаблівасцей.
Паштальёны застануцца на ранейшых месцах. Для вызваленых работнікаў рыхтуюцца варыянты пераводу, працаўладкавання.
Вось такія, абнародаваная ў "Віцебскіх весцях" кіруючыя ўказанні, падыходы да аптымізацыі цяпер занадта грувасткай сістэмы паштовай сувязі. Як яны могуць быць рэалізаваны на Міёршчыне? З такім пытаннем звяртаюся да намесніка начальніка раённага вузла паштовай сувязі Г. А. Курыльчык.
— Заходнія раёны вобласці, у тым ліку Міёрскі, маюць свае асаблівасці, — адзначыла Галіна Антонаўна. — У першую чаргу гэта мноства невялікіх населеных пунктаў, у якіх цяпер жывуць амаль адны пенсіянеры. Зараз у нас дзейнічаюць два гарадскія аддзяленні паштовай сувязі, 20 сельскіх, у адпаведнасці з новымі патрабаваннямі створаны 2 перасоўныя, ёсць яшчэ два пункты ў дзіцячым санаторыі "Расінка" і вёсцы Лявонпаль. Калі механічна выконваць патрабаванні ўмоў аптымізацыі нашай сістэмы, то ў раёне застануцца ў сельскай мясцовасці аддзяленні паштовай сувязі толькі ў аграгарадках, і то не ва ўсіх. Між тым стабільнае абслугоўванне насельніцтва забяспечваюць менавіта стацыянарныя АС, куды сяльчанін можа прыйсці ў любы зручны для яго час. Там створаны ўмовы для прыёму плацяжоў, ажыццяўлення фінансавых аперацый, на многіх — у тым ліку банкаўскіх, аказання розных іншых паслуг, колькасць якіх пастаянна павялічваецца.
Вось толькі нядаўна МТБанк, Белдзяржстрах і Белпошта пачалі ажыццяўляць сумесны праект "Уклад "БЕЛДЗЯРЖСТРАХ" з высокім узроўнем даходнасці. Прапануюцца адпраўленні са спецыяльнай паметкай "1 клас", якія гарантуюць перасылку ў 1,5 раза хутчэй за звычайныя. Але ці змогуць імі, ды і іншымі паслугамі паштавікоў карыстацца жыхары сельскай глыбінкі, куды немагчыма пракласці перасоўны маршрут?
Мне запярэчаць, што і цяпер у аддаленыя вёскі наведваюцца толькі паштальёны. Пагаджуся, аднак пры адсутнасці недалёкага стацыянарнага аддялення нагрузка на іх павялічыцца, вырастуць кваліфікацыйныя патрабаванні, абвострыцца і так не простая праблема аплаты працы. Цяпер для іх ёсць памяшканне для сартыроўкі карэспандэнцыі, потым яго можа не стаць.
Не лічыце мяне праціўнікам новых форм і метадаў работы, але перш, чым нешта ўкараняць , кіраўнік павінен прадугледзець усе магчымыя няўвязкі. А галоўнае, мы не павінны пагоршыць абслугоўванне насельніцтва.
Вось таму пільна сочым за дзейнасцю першых мабільных маршрутаў, вывучаем іх вопыт. Адзін пракладзены праз Якубаўшчыну — Басянкі — Іст, другі — у напрамку Дворнага Сяла. Нашы машыны па гэтых напрамках рухаюцца ва ўсе дні тыдня, акрамя нядзелі і панядзелка. Нібы асаблівых змен для насельніцтва і няма. Але варта спазніцца транспарту, які дастаўляе карэспандэнцыю ў раён, як збой закранае толькі што створаныя маршруты, пачынаюцца скаргі, у якіх раённыя паштавікі не вінаватыя.
А як ацэньвае навацыі паштовай службы насельніцтва?
— Увогуле задума добрая, — лічыць жыхар вёскі Крыштулі В. А. Цітовіч. — Толькі яна патрабуе далейшага ўдасканалення і тэхнічнага забеспячэння. Вось у Дворным Сяле закрылі аддзяленне паштовай сувязі, хаця памяшканнем паштальёны і наведвальнікі карыстаюцца. Але паштовая машына абслугоўвае на вуліцы. Прыходзіць яна, трэба падключыць камп'ютар да сілкавання. Пенсіянераў работа мабільнага аддзялення сувязі па графіку не засмучае, а працуючаму чалавеку трэба прыстасоўвацца.
— Перасоўнае аддзяленне сувязі ў Ісце прыпыняецца ля клуба, — апавядае старэйшына вёскі Парадні М. А. Лапіцкая, — але чакаць яе не заўсёды атрымліваецца ў былым памяшканні мясцовай пошты. Бачыла, як у сцюжу бабулькі стаялі на вуліцы. Я нават звярталася з просьбай памяняць распарадак работы бібліятэкі, каб там абед быў не з 12 гадзін, калі павінна прыязджаць машына, а пазней. Тады чакаючым можна было б пагартаць газеты, нават што пачытыць. Летам час і на лаўцы аўтобуснага прыпынку ( ён побач) правесці зручна, а як было зімой?! Між тым, іншы раз даводзіцца чакаць даволі шмат. Разумею, што ў гэтым нельга вінаваціць паштавікоў: і ў нас збіраецца 10-15 чалавек са сваімі заяўкамі, і кожнага трэба абслужыць. Тут час прыпынку дакладна разлічыць немагчыма.
Таму сама больш спадзяюся на нашага паштальёна Софію Іванаўну Мельнікаву. Яна старанны і адказны работнік, прыме ўсе плацяжы, выканае заказы.
Пры падрыхтоўцы гэтага матэрыялу паштовыя работнікі папрасілі праінфармаваць насельніцтва і па некаторых іншых пытаннях.
Правільна афармляйце канверты, асабліва за межы раёна: на іх спачатку ўказваецца прозвішча, імя, імя па бацьку адрасата, потым – вуліца і нумар дома, у трэцім радку – паштовы індэкс і горад. Аналагічна з уласным адрасам. Гэта звязана з тым, што ў Мінску сартыроўкай пісьмаў ужо займаецца спецыяльная машына, пасланні з няправільна аформленым адрасам яна адкідвае, што павялічвае тэрмін іх апрацоўкі і дастаўкі.
Раённы вузел паштовай сувязі аказвае паслугу “Паштовы кур’ер” УП ЖКГ, мясакамбінату, суду і службе судовых выканаўцаў, абодвум банкам і камбікормаваму заводу: за невялікую плату гэтым прадпрыемствам і ўстановам дастаўляецца карэспандэнцыя, забіраецца падрыхтаваная да адпраўкі. Пераканайцеся і вы, што гэта зручна.
Што новыя паслугі эфектыўныя, упэўніўся жыхар райцэнтра Вячаслаў Богуш. Ён скарыстаўся “Паскоранай поштай”, каб даслаць тэрміновае адпраўленне бацькам. На раённы вузел звярнуўся адразу пасля абеду ў сераду, а пакет быў дастаўлены па адрасе непасрэдна на дом у Бабруйску ў чацвер раніцай. І па здавальняючай цане.
Прапаную і іншым чытачам раёнкі выказацца наконт рэарганізацыі паштовай сувязі. Гэта дазволіць правесці яе з меншымі выдаткамі.
Падрыхтаваў Леанід МАТЭЛЕНАК.