Дэлегацыя пад кіраўніцтвам начальніка райсельгасхарчу В. А. Бялько, у якую ўваходзілі спецыялісты раённага звяна і кіраўнікі шэрагу гаспадарак, наведала Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці. Ён выбраны для дзелавой паездкі не выпадкова: пры плошчы, блізкай да нашай Міёршчыны, сельская гаспадарка працуе эфектыўна, што дазваляе аграрнікам абыходзіцца без дзяржаўнай падтрымкі. І справа не толькі ў тым, што раён размешчаны на поўдні рэспублікі і багаты на людскія рэсурсы. Там умеюць гаспадарыць на зямлі і з адказнасцю адносяцца да справы.Вось некалькі вывадаў, якія зрабілі для сябе нашы спецыялісты. Па-першае, неабходна больш інтэнсіўна развіваць мясцовую перапрацоўчую прамысловасць і паглыбляць выкарыстанне сыравіны, задзейнічаць у гэтых мэтах і замежныя інвестыцыі.
Далейшай рэканструкцыі належаць жывёлагадоўчыя памяшканні, а малочнатаварныя фермы трэба забяспечваць даільнымі заламі. Трэба больш узводзіць жывёлагадоўчых памяшканняў.
Кармленне статка там ажыццяўляецца толька кармасумесямі пры высокай якасці кармоў. А гэта забяспечыла надой на карову за 2010 год у 5220 кг. Вялікая ўвага звяртаецца таксама на перазалужэнне пашаў, травасеянне, павышэнне ўраджайнасці палёў.
Карысны для нас вопыт бярозаўцаў у добраўпарадкаванні, арганізацыі будаўніцтва і іншым.
Л. АЛЯКСАНДРАЎ.