Зацверджаны праграмы ўступных іспытаў у ВНУ і ССНУ на 2011 год.
ххх
У 2011 -2015 гадах будзе прадоўжана рэалізацыя дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі ў адносінах да інвалідаў, прыярытэтным напрамкам якой стане ўдасканаленне нарматыўнай прававой базы, прапрацоўка пытання аб увядзенні інстытута персанальных асістэнтаў (памочнікаў) для інвалідаў другой групы і дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў з вялікай стратай здароўя. У ліку іншых важных напрамкаў—развіццё айчыннай рэабілітацыйнай індустрыі.ххх
Ільготныя крэдыты на спажывецкія патрэбы можна будзе выкарыстоўваць для пакупкі тавараў у індывідуальных прадпрымальнікаў. Такая норма прадугледжана ўказам №11 ад 6 студзеня.
ххх
У рэспубліцы зацверджаны новыя правілы рэалізацыі драўніны на ўнутраным рынку, якія пашыраюць правы вытворцаў і спажыўцоў лесапрадукцыі. Прапануецца стартавую цану ўстанаўліваць у адпаведнасці з дзеючымі таксамі.
Індэкс цэн у будаўніцтве за снежань устаноўлены на ўзроўні 103,16%.
ххх
У дзейнасці Камітэта дзяржкантролю значна павялічыцца колькасць прэвентыўных мерапрыемстваў. Асноўны ўпор павінен быць зроблены на прафілактыку. Такое меркаванне кіраўніка КДК.
ххх
Конкурс “Лепшы прадпрымальнік 2010 года” аб’яўлены ў Беларусі. Яго арганізацыя і правядзенне ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з указам №305 ад 4.07.2005 г.
ххх
З новага навучальнага года Віцебскі дзяржуніверсітэт імя П. Машэрава адкрывае новую спецыяльнасць. На базе факультэта беларускай філалогіі і культуры пачнуць рыхтаваць журналістаў.
ххх
ААТ “Полацкшкловалакно” пашырыла асартымент рулонных шклопластыкаў для правядзення ўнутраных цеплаізаляцыйных работ. Пры шырыні ў 25 см ён зручны для цеплаізаляцыі труб і абсталявання ў цяжкадаступных месцах. Прадукт лягчэйшы і больш танны за раней выпускаемы.
ххх
Начальнікам упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама з 7 студзеня прызначаны Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў, які да гэтага працаваў намеснікам старшыні Віцебскага гарвыканкама.
ххх
Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў 2010 годзе вырас на 7,6%.
У мінулым годзе насельніцтву прададзена 1,5 млрд. долараў з золатавалютных рэзерваў дзяржавы.
ххх
Зімовыя гонкі на сабаках упершыню ў Беларусі пройдуць 29 студзеня на хутары ў Валожынскім раёне.
Па паведамленнях БелТА і СМІ.