Ушанаванне пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва па корманарыхтоўцы з ліку механізатараў прыдзвінскага краю праходзіла ў Віцебскім аблвыканкаме. На гэтую ўрачыстасць былі запрошаны і прадстаўнікі нашага раёна. Узначальваў дэлегацыю начальнік райсельгасхарчу Вячаслаў Бялько. А ў ліку тых, хто сваёй паўсядзённай працай на палетках унёс найбольш важкі ўклад у нарыхтоўку кармоў і стаў прызёрам, былі тры мясцовыя механізатары, якія працуюць у ААТ “Туркова”.
Сяргей Алеська падчас корманарыхтоўкі кіраваў кормаўборачным камбайнам і заняў у рэспубліканскім спаборніцтве трэцяе месца.
Алег Станкевіч апярэдзіў многіх механізатараў на перавозцы зялёнай масы і ўзняўся на другую прыступку працоўнага п’едэстала.
Сярод кіроўцаў транспартных сродкаў на корманарыхтоўцы лідзіраваў Анатоль Протас, які заняў трэцяе месца.
— Сёлета ўзнагароджанне пераможцаў спаборніцтва па корманарыхтоўцы было вынесена за рамкі рэспубліканскага фестывалю “Дажынкі”. Гэта дало магчымасць вызначыць лепшых механізатараў з улікам іх вытворчых паказчыкаў пры ўборцы кукурузы, — кажа адзін з удзельнікаў урачыстасці Сяргей Алеська. — Дыпломы мы атрымалі з рук намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Марыніча, які падзякаваў аграрыям Віцебшчыны за мэтанакіраваную і выніковую работу, адзначыў агульныя дасягненні ў галіне кормавытворчасці. Канешне, усім механізатарам было прыемна пачуць станоўчую ацэнку шматдзённай карпатлівай працы, якая ў гарачы перыяд корманарыхтоўкі вымяраецца не гадзінамі, а амаль суткамі, і яшчэ раз пераканацца ў яе важнасці. Аднак хачу падкрэсліць, што высокія ўзнагароды пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва, у тым ліку і нашы, гэта не толькі высокая адзнака асабістага старання кожнага з прызёраў, але і ацэнка працы ўсяго калектыву, дзе многае залежыць ад зладжанасці ў рабоце, ад узаемавыручкі.
Усе пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі, сертыфікаты на атрыманне якіх былі ўручаны ім разам з дыпломамі. Сяргей Алеська прэміраваны халадзільнікам, Алег Станкевіч — дамашнім кінатэатрам, Анатоль Протас — тэлевізарам.
Э. БЛАЖЭВІЧ.