Па выніках работы за 2012 год Міёрскае аддзяленне аховы Дэпартамента МУС РБ заняло трэцяе месца сярод сельскіх аддзяленняў Віцебскай вобласці, а начальнік гэтай установы маёр міліцыі Ігар Іванавіч Войтаў адзначаны Дыпломам трэцяй ступені за высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці, асабістую прафесійную ініцыятыву і ўмелае кіраўніцтва падначаленымі.
Аб рабоце раённага аддзялення аховы расказвае старшы інспектар А. У. Пальчэўскі:
— Міёрскае аддзяленне аховы забяспечвае ахову больш 270 аб'ектаў розных форм уласнасці. На двух з іх — у Белаграпрамбанку і судзе — устаноўлена дзяжурства пастоў міліцыі, а РЭС, хлебазавод, камбікормавы завод, УП ЖКГ, РВК, склады медыцынскай тэхнікі і прэпаратаў, мясакамбінат знаходзяцца пад наглядам вартавых пастоў. Да пульта цэнтралізаванага назірання падключана 106 аб'ектаў і 155 жылых дамоў і пабудоў грамадзян.
Сёлета плануецца прыняць пад ахову харчовы магазін № 4 г. Міёры і 10 сельскіх гандлёвых аб'ектаў раённага спажывецкага таварыства, цэнтральную бібліятэку і іншае.
За мінулы год супрацоўнікі аддзялення раскрылі 5 злачынстваў. Выявілі 660 адміністрацыйных правапарушэнняў, у тым ліку 29 дробных крадзяжоў. Канфіскавана тавара-матэрыяльных каштоўнасцяў на 1556300 рублёў. Папярэджана спроба пранікнення на ахоўваемыя аб'екты — у складскія памяшканні райпа, правапарушальнік затрыманы. Крадзяжоў з ахоўных аб'ектаў не дапушчана.
Выяўлена 6 фактаў парушэння Дэкрэта № 11 ад 9.09.2005 г. Канфіскавана 1375,3 літра спіртаўтрымліваючай вадкасці (у 2011 годзе — 1060 л). У РАУС перададзена 6 аператыўных інфармацый, 5 рэалізавана.
У ходзе прафілактычных мерапрыемстваў супрацоўнікі аддзялення аховы правялі 96 праверак паднаглядных чалавек, выявілі 6 парушэнняў, праверылі 216 асоб, асуджаных да абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы, выявілі 5 парушэнняў правіл і парадку адбывання пакарання.
У горадзе днём і ноччу нясуць службу групы затрымання.
Штосутачна на ахову грамадскага парадку і аб'ектаў заступаюць 6 супрацоўнікаў міліцыі з нашага аддзялення і 12 вартаўнікоў.
На іншых аб'ектах арганізавана 9 пастоў, з іх 7 — абходныя і 2 стацыянарныя.
У падраздзяленні распрацаваны і дзейнічаюць 3 варыянты маршрутаў руху груп затрымання, выкарыстоўваюцца 2 службова-пошукавыя сабакі.