> Навіны > Лён цярэбім!

Лён цярэбім!


26-07-2011, 09:29. : gazeta

Лён цярэбім!Ужо трэці тыдзень механізатары ААТ “Міёрскі льнозавод” шчыруюць на палетках  — цярэбяць “даўгунец”. Для вырошчвання гэтай важнай тэхнічнай культуры прадпрыемству выдзелена 850 гектараў угоддзяў у  ААТ “Любінова”, “Наўгароды”, “Узмёнскі край” і шэрагу іншых гаспадарак раёна.

 

— 44% плошчаў мы засеялі насеннем сартоў замежнай селекцыі (летась было пад імі толькі 17%). У 2010-ым атрымалі больш 6 цэнтнераў ільновалакна з гектара. А гэты год, на жаль, не радуе. Лён на большасці плошчаў нізкарослы, зрэджаны, бо ў фазе інтэнсіўнага росту надвор’е было засушлівым і раслінам для нармальнага развіцця не хапала вільгаці. На 204 гектарах “даўгунец” увогуле загінуў, — зазначае дырэктар завода Мікалай Міхайлавіч Клімянкоў. — Цяпер трэба паспяшацца з церабленнем, і спадзявацца на добрую расу, бо без яе працэс вылежкі замаруджваецца. Наша ж задача — убраць трасту без страт, захаваўшы яе якасць.

— У Любінове лён ўжо ляжыць у “стужках” на 51 гектары. Цяпер тэхніка задзейнічана ў Новым Пагосце, дзе аб’ём работ значна большы — пад ільном 177 гектараў, — расказвае аграном Анатоль Генадз’евіч Вашкель. — Штодзённа раніцай  на машыне дастаўляем трактарыстаў на поле. Занята 7 камбайнаў. З першых дзён на ўборцы на “Беларусах” з прычапнымі камбайнамі Анатоль Дзмітрыевіч Мацур, Ігар Едзесівіч Грыгор’еў, Яўген Паўлавіч Скавародка, Уладзімір Францавіч Маркевіч, Валерый Альфрэдавіч Казлоўскі, Павел Казіміравіч Драгун і Юрый Леанідавіч Развадоўскі, які працуе на самаходным агрэгаце. На днях да іх далучыліся яшчэ два “МТЗ” з ЛК-4, якімі кіруюць Руслан Раманавіч Найдзёнак і Віктар Анатольевіч Вашкель.

 

Прадпрыемства ўжо падрыхтавана да прыёму і перапрацоўкі новага ўраджаю. На гэтым тыдні плануюць запусціць вытворчыя лініі. Дарэчы, сёлета ўклалі ў рамонт  абсталявання каля 120 мільёнаў. Даход мяркуюць мець не толькі ад рэалізацыі льновалакна, але і  кастрабрыкету, які карыстаецца попытам сярод мясцовага насельніцтва. Як і ў папярэднія гады, чакаюць паступлення сыравіны не толькі з нашага раёна, але і з Шаркаўшчынскага.

 

— Стаіць задача восенню максімальна напоўніць трастой шохі, каб на больш працяглы перыяд загрузіць вытворчыя лініі сыравінай, забяспечыць калектыў работай і заробкам, — зазначае дырэктар завода. — Вясной меркавалі, што завод поўнасцю возьме на сябе вырошчванне “даўгунцу”, але 300 гектараў засталося за 4 гаспадаркамі. У ААТ “Пад’ельцы” ён займае 100 гектараў, у ААТ “Мерыца”, “Любінова” і “Гвардзейскі” — па 50. У гаспадарках да ўборкі “даўгунцу” яшчэ не прыступалі.

 

Лён — высоказатратная культура,  і ў рэдкія гады мясцовым сельгасвытворцам удаецца атрымаць ад яе вырошчвання прыбытак. Але, як адзначаюць ільнаводы, арыентавацца заўсёды трэба на поспех.

На здымках:  механізатары льнозавода Ю. Развадоўскі (у кабіне самаходнага камбайна), В. А. Казлоўскі, А. Д. Мацур і П. К. Драгун.

 

Эліза БЛАЖЭВІЧ.