Нягледзячы на тое, што да асоб, якія кіруюць транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, прымяняюцца дастаткова жорсткія меры пакарання, непрыемныя выпадкі здараюцца. І колькасць такіх гора-вадзіцеляў год ад году не памяншаецца. Але п’яны за рулём—гэта такі ж злачынца, як і той, хто ўчыніў крадзёж ці нанёс іншай асобе цяжкія цялесныя пашкоджанні. Ад аўтааварый людзі атрымліваюць калецтвы, паміраюць на дарогах, страчваюць дзяцей...
За кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, калі яно паўторнае на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання, наступае крымінальная адказнасць па арт. 317-1 КК РБ.
З 23 лютага 2010 года да крымінальнай адказнасці па ч. 2 арт. 317-1 КК РБ прыцягваюцца асобы, раней судзімыя за такія злачынствы. Ім пагражае штраф у 300—1000 базавых велічынь. Вінаватыя прыцягваюцца да папраўчых работ ад 1 да 2 гадоў, могуць быць арыштаваны на тэрмін да 6 месяцаў ці абмежаваны або пазбаўлены волі на двухгадовы тэрмін. Аўтамабіль у такіх правапарушальнікаў арыштоўваецца, у далейшым па рашэнню суда ён можа быць канфіскаваны ў даход дзяржавы, калі вінаваты не заплаціў штраф.
Усе астатнія, хто сеў за руль у стане алкагольнага ап’янення паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання, прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці па ч. 1 арт. 317-1 КК РБ. А пакаранне мала чым адрозніваецца ад таго, што накладваецца на раней судзімых за падобныя злачынствы (адсутнічае толькі абмежаванне ці пазбаўленне волі).
У 2010 годзе да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення прыцягнута 190 грамадзян. Усе пазбаўлены вадзіцельскіх правоў (130 чалавек). Аддзяленнем дазнання расследавана 18 крымінальных спраў па арт. 317-1. Вось прозвішчы: В. В. Швяцоў, С. А. Наркевіч, С. Д. Якімовіч, Н.Ф. Працук, В. В. Пятроўскі, А. Г. Лапкоўскі, А. А. Красько, П. П. Бяляцкі, М. П. Гагалінскі, А. А. Бунта, В. Г. Мішута, Д. Г. Сушко, І. Ю. Сямёнаў, С. Н. Бурлоў, А. С. Павутаў, В. В. Мухаеў, А. П. Саруль, А. А. Гамзюк.
Усе, хто любіць пакатацца “з вецярком” пад п’яным кайфам, задумайцеся, што адным махам вы можаце страціць і аўтамашыну, і вадзіцельскія правы на некалькі гадоў, а з сямейнага бюджэту давядзецца выкласці вялізнейшы штраф, што яшчэ горш—апынуцца на нарах.
Кожны павінен памятаць: выпіў—забудзься, што ў цябе ёсць аўтамабіль. Тады не давядзецца ліць слёзы самому і тваім блізкім. А калі пацерпіць невінаваты, то няўдалага аўтааматара чакае да скону жыццё з камянём на сэрцы, што стаў забойцам. А па начах непазбежны пакуты ад бяссоніцы і кашмараў.
І. ФУРС,
начальнік аддзялення
дазнання папярэдняга расследавання РАУС.