Каму, як не студэнтам, знаёма гэтая маленькая хітрасць. Не сакрэт і тое, што добра выспацца — дзейсны сродак ад пераздач. Хаця такім метадам карыстаюцца не ўсе, але вынікі сесіі ў прыхільнікаў правесці ноч за падручнікамі і ў аматараў выспацца перад экзаменам часта мала чым адрозніваюцца. "Але ж дзейнічае, — у адзін голас сцвярджаюць абаронцы здаровага сну. — Проста прачытай тэорыю перад тым, як скіравацца ў ложак. Ды і падручнік пад падушку пакласці не забудзься". Можа, тады і зусім вучыць не трэба, а проста пагартаць кнігу і пад коўдру? "Так, гэта выйсце, — верыць мая аднагрупніца, — асабліва калі шпоры ёсць".
Шпоры шпорамі, але сваю галаву на плячах усё ж трэба мець. Усялякае бывае, і спісаць не заўсёды атрымаецца. Толькі здзеквацца з сябе не варта. "Навошта сябе вось так караць, калі нечага не ведаеш? Усё роўна многае вылеціць з галавы на наступны дзень", — лічаць некаторыя студэнты. З гэтым можна згадзіцца. Значыць, халяву трэба клікаць? Для гэтага ёсць нават спецыяльныя рытуалы. Напрыклад, нашы бабулі-дзядулі ў такім выпадку клалі пяцікапеечную манету ў абутак пад пяту. Некаторыя шукалі кветачкі бэзу з пяццю пялёсткамі і елі іх. І халява прыходзіла!
"Я ведаю, што можна клікаць яе ў акно, але сама не спрабавала. Разлічваю на інтуіцыю, якая іншы раз дапамагае выцягнуць патрэбны білет", — так сцвярждае мая аднакурсніца. "А я не мыюся перад экзаменам", — смяецца сябра з суседняй групы.
Асобныя, не чакаючы экзаменаў, пачынаюць разумець, што ўніверсітэт не для іх. Вось і мой знаёмы паступіў на бюджэт, добра здаў першую сесію, каб атрымліваць стыпендыю, а потым забраў дакументы і пайшоў служыць у армію. Патлумачыў усё вельмі проста: "Так трэба!"
Студэнцтва — самая вясёлая пара жыцця. Тут няма сумных, аднастайных дзён, на кожны — мора пазітыву і прыгод. І час сесіі таксама па-свойму цудоўны, бо тут мы і пачынаем разумець, што канспекты весці ў час семестра і пастаянна працаваць з падручнікамі — вельмі нават карысна.
Ігар МАТЭЛЕНАК,
студэнт факультэта
журналістыкі БДУ.