Старанны супрацоўнік — знаходка для калектыву. Дзмітрый Іванавіч Тарарака ў выпраўленчай установе адкрытага тыпу №13 (в. Горкі) працуе з канца мінулага года. Зарэкамендаваў сябе добра і заслужыў аўтарытэт і ў калег, і ў асуджаных.
За плячыма ў Дзмітрыя вучоба ў Полацкім дзяржуніверсітэце на спартыўна-педагагічным факультэце, служба ва ўнутраных войсках, работа трэнерам у Шаркаўшчынскай ДЮСШ. Прапанова змяніць месца працы і жыхарства яго зацікавіла. На Міёршчыну прыехаў з жонкай і дачушкай. Жыве сям'я ў Дзісне.
Цяпер пасада Дзмітрыя — начальнік атрада. Адзін з асноўных абавязкаў — прафілактычная работа з асуджанымі. Дзмітрый імкнецца павышаць прафесійны ўзровень.
У снежні 2012-га Дзмітрый атрымаў першае званне — лейтэнант міліцыі. Ва ўрачыстай абстаноўцы пагоны яму ўручыў начальнік выпраўленчай установы Віктар Паўлавіч Мыслівец. На пасаду кіраўніка ён прызначаны нядаўна. Да службовых абавязкаў Віктар Паўлавіч прыступіў у новым званні — падпалкоўніка.
Канец мінулага года для нашых супрацоўнікаў стаў пачаткам новай жыццёвай старонкі.
Д. КУКУЦЬ,
намеснік начальніка.