
Менавіта гэтыя словы ў нядаўнім мінулым з папулярнага хіта прыгадаліся, калі настаўніца гісторыі, кіраўнік гуртка “Што? Дзе? Калі?” СШ №3 Наталля Іванаўна Будзько распавядала пра важную падзею. Яе вучаніца сямікласніца Юлія Кураш 24 лютага ўдзельнічала ў новым рэспубліканскім праекце Белтэлерадыёкампаніі “Дзеці новага пакалення”. Мэта яго — сабраць таленавітых дзяцей, якія не толькі добра вучацца, а актыўна ўдзельнічаюць у жыцці школы, грамадства і выдатна інтэлектуальна развітыя. Да ўсяго гэтага трэба мець добрую ацэнку ад педагогаў.
Увогуле праект будзе праходзіць у некалькі тураў, менавіта на адзін з іх і запрасілі Юлію. Дарэчы, яна была адна з нашай вобласці, астатнія пераважна з ліцэяў і гімназій абласных цэнтраў і сталіцы. Юлія спявае, танцуе, пастаянна удзельнічае ў розных школьных і раённых конкурсах, алімпіядах, цікаўная і актыўная, з’яўляецца капітанам каманды “Што? Дзе? Калі?” у СШ №3. Вось і заўважылі дзяўчынку з нашага невялікага гарадка.
У кожным туры ўдзельнічае 12 чалавек з 6 па 11-ы класы. Усе раўнапраўныя ў інтэлектуальных іспытах: вядучы агучвае пытанне, якое высвечваецца на табло, хлопчык ці дзяўчынка стаіць за асобным столікам і кнопкай выбірае свой варыянт адказу, кампьютэр фіксуе нават час націску. У выніку пераможца застаецца адзін, астатнія атрымліваюць падарунак і дыплом ад арганізатараў і выбываюць з праекта.
Тур уключае некалькі этапаў. Гэты складаўся з чатырох, а ў кожным — па 12 пытанняў рознай ступені складанасці, але пераважна са школьнай праграмы. Так, на першым этапе ад самых простых (назваць героя мультфільма, знайсці памылку ў казцы), да больш складаных, якія датычыліся табліцы хімічных элементаў. Вось тут нялёгка было тым, хто хімію яшчэ не вывучаў. Двух балаў не хапіла Юліі да трэцяга этапа. За яе хварэлі і шчыра падтрымлівалі тата Юрый Аляксандравіч Кураш, класны кіраўнік Алена Віктараўна Валеўка і Наталля Іванаўна Будзько.
Конкурс-віктарына “Дзеці новага пакалення” надоўга запомніцца дзецям, бо ўсё праходзіла ў добразычлівай абстаноўцы. Незалежна ад таго, перамог ты ці не, ужо тое, што трапіў у праект рэспубліканскага маштабу — гісторыя. Зносіны з таленавітай моладдзю, новыя знаёмствы і сяброўствы… Што можа быць цудоўней!
Дыпломамі тэлепраекта адзначаны Юлія Кураш і яе любімая настаўніца Наталля Іванаўна Будзько.
Дарэчы, каб трапіць на конкурс, трэба прайсці жорсткі кантроль. Ні ў якім разе нельга прымалёўваць сабе неіснуючыя заслугі, бо ў далейшым гэта можа быць праверана. Яшчэ трэба запоўніць анкету, якая размешчана на сайце Белтэлерадыёкампаніі www.dnp.by. Толькі заяўкі падаваць можна вучням з 7 па 11 клас, бо здымкі праграмы з адборачнага туру інтэлектуалаў-шасцікласнікаў ужо завершаны.
Тэлеперадача з удзелам нашай зямлячкі выйдзе ў эфір на канале “Лад” пасля 14 сакавіка. Сачыце за праграмай. Увогуле праект “Дзеці новага пакалення” будзе трансліравацца па суботах і нядзелях з 5 сакавіка ў 19.30.
Падрыхтавала Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.