Сабак і катоў у кватэрах і на сядзібах менш не становіцца. Значыць, яны патрэбны людзям. Але варта перастаць клапаціцца пра "сяброў нашых меншых", як яны становяцца бяздомнымі, пачынаюць дастаўляць непрыемнасці не толькі суседзям.
Правілы ўтрымання дамашніх сабак і катоў патрабуюць, каб іх уладальнікі строга выконвалі санітарна-гігіенічныя нормы, гарантавалі бяспеку людзей, не дапускалі забруджвання грамадскіх месц. У такім выпадку дазваляецца ўтрымліваць у асобнай кватэры шматкватэрнага жылля не больш за дзвюх такіх жывёл пры згодзе ўсіх паўналетніх. Пры тым патрабуецца ў трохдзённы тэрмін рэгістраваць жывёл, своечасова дастаўляць іх у ветустановы для абследавання і прышчэпак супраць шаленства, выводзіць на прагулкі на кароткім павадку і ў намордніку, акрамя сабачанят і дэкаратыўнай жывёлы. Выгул сабак трэба праводзіць у спецыяльна адведзеных для гэтага месцах.
Забараняецца прыводзіць сабак і катоў у магазіны, на прадпрыемствы грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, у школы і дашкольныя ўстановы, у грамадскія будынкі, паркі, скверы, на стадыёны, рынкі і на фермы. Хаця гэтыя патрабаванні не распаўсюджваюцца на сабак-павадыроў.
Забаронена ўтрымліваць не зарэгістраваную жывёлу, выгульваць сабак на прыдамавых тэрыторыях, дазваляць гэта рабіць непаўналетнім, калі сабака патэнцыяльна небяспечнай пароды.
Рашэннем райвыканкама прадугледжана, што рэгістрацыяй дамашніх сабак і катоў у Міёрах і Дзісне займаецца УП ЖКГ, у сельскай мясцовасці — сельвыканкамы.
Адлоў бадзячых сабак і катоў даручаны ў гарадах УП ЖКГ, на тэрыторыі Міёрскага, Павяцкага, Узмёнскага сельсаветаў — раённай грамадскай структуры "Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў"; у Завуццеўскім, Мікалаёўскім, Туркоўскім і Язненскім сельсаветах — лясгасу; Новапагосцкім і Перабродскім сельсаветах — ТАА "Абстэрна".
Фізічныя асобы з'яўляюцца плацельшчыкамі падатку за валоданне сабакамі ва ўзросце трох месяцаў і больш пры вышыні ў холцы да 40 см — 0,1 базавай велічыні штомесяц, да 70 см — 0,2 БВ, больш 70 см — 0,5 БВ.
Збор не плацяць пенсіянеры па ўзросце, інваліды І і ІІ груп — за аднаго сабаку, пражываючыя ў індывідуальных жылых дамах, калі ў іх не больш за аднаго сабаку. Уплата ажыццяўляецца пры аплаце камунальных паслуг УП ЖКГ і ў сельвыканкамы.
М. ЛАКОТКА,
начальнік раённай
інспекцыі МНС
па Міёрскім раёне.