У мінулым годзе райаграсэрвіс пачаў барацьбу з баршчэўнікам Сасноўскага з дапамогай хімічных сродкаў. Для гэтага была выбрана тэрыторыя падсобнай гаспадаркі, у першую чаргу, вёска Каменполле. Складанасць сітуацыі заключалася ў тым, што тут нямала пасадак, старых закінутых пабудоў, якія і аблюбавала для сябе небяспечная расліна, і выкасіць яе з дапамогай тэхнікі, ды і звычайнай касы, проста немагчыма. Вось таму быў выкарыстаны ранцавы апырсквальнік, для працы з якім падрыхтавалі спецыяліста.
Летась выкарыстанне хімікатаў дало эффект — баршчэўнік пажоўк і нібы загінуў. Але сёлета ўзышло насенне ранейшых гадоў. І зноў праведзена хімічная апрацоўка.
Пра эфектыўнасць барацьбы з небяспечнай раслінай ішла размова на нарадзе, якую правялі 5 чэрвеня старшыня райвыканкама І. В. Кузняцоў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Р. В. Парфёненка. Перад яе ўдзельнікамі выступіў намеснік начальніка райсельгасхарчу В. У. Гагалінскі, які падрабязна спыніўся на мерах і сродках барацьбы з баршчэўнікам. Пра вынішчэнне яго на меліярацыйных аб'ектах гаварыў кіраўнік Міёрскага ПМС У. П. Нікалаёнак. Галоўны вывад такі: з баршчэўнікам трэба змагацца з ранняй вясны, каб не дапусціць яго цвіцення. Хімічныя сродкі барацьбы надта дарагія, іх трэба выкарыстоўваць вельмі прадумана і рацыянальна. Нельга адмаўляцца і ад механічных метадаў, хаця эфектыўнасць ад іх невялікая.
З пачаткам лета баршчэўнік Сасноўскага ўяўляе вялікую небяспеку для дзяцей, у якіх пачаліся канікулы. Ім неабходна паказаць ядавітыя расліны, папярэдзіць, каб малыя не гулялі ў зарасніках, нават не датыкаліся да сакавітых лістоў і сцяблоў, бо гэта пагражае цяжкімі хімічнымі апёкамі.
Л. МАТЭЛЕНАК.