За апошнія гады ў шэрагу рэгіёнаў вобласці рачныя бабры пачалі наносіць істотныя страты пасевам, лясным пасадкам, меліярацыйным і дарожным збудаванням. Таму пастановай урада №126 ад 30.01.2008 г. зацверджаны правілы рэгулявання распаўсюджвання і колькасці дзікіх жывёл. У адпаведнасці з гэтым дакументам раённыя камісіі па папярэджанні знішчэння ці пашкоджання паляўнічымі жывёламі сельскагаспадарчых ці лясных культур абавязаны вызначаць зямельныя ўчасткі ці водныя аб'екты, на якіх пасяленні баброў не дапускаюцца. У іншым выпадку з удзелам прадстаўнікоў арганізацый, якія пацярпелі ад жывёл, і арандатараў паляўнічых угоддзяў вызначаюцца меры па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці звяркоў, арганізацыі, якім даручаецца разбурэнне плацін, нор і хатак, тэрміны гэтых работ. Акты абследвання зацвярджаюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.
Пры разбурэнні бабровых нор і хатак у перыяд з 1 кастрычніка да 1 чэрвеня адначасова павінен праводзіцца адлоў жывёл.
Важным сродкам рэгулявання колькасці бабра з'яўляецца арганізацыя палявання. Аднак трэба ўлічваць пры гэтым колькасць звяркоў. А таму ўся такая работа павінна пачынацца з якаснага правядзення ўліку ў адпаведнасці з парадкам і тэхналогіяй, устаноўленымі Мінлясгасам.
Здараецца, што дзікія жывёлы, у тым ліку бабры, заходзяць у населеныя пункты. Для такіх выпадкаў па даручэнні ўрада ад 5.01.2013 г. №06/201-212 райвыканкам стварае камісію па арганізацыі і прыняцці мер па выдаленні дзікіх жывёл, што могуць уяўляць пагрозу для людзей ці самі знахо-дзяцца ў небяспечным становішчы. У такія камісіі ўключаюцца прадстаўнікі лясгасаў, ветстанцый, УП ЖКГ, РАНС, раённых інспекцый прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Пры выяўленні дзікіх жывёл, якія трапілі ў населеныя пункты ці знаходзяцца ў небяспечным стане, неабходна паведамляць у сельвыканкам, РАНС, лясгас, райінспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Пры правядзенні жніва трэба захоўваць тэхналогію, якая выключае гібель і траўміраванне дзікіх жывёл.
В. МАЦУК,
начальнік Браслаўскай
міжрайінспекцыі.