Чаму мы птушак называем сваімі пярнатымі сябрамі? Найперш за іх карысць. Летам сініцы жывуць у лясах, дзе дастаткова ежы. А вось зімой яны прылятаюць да чалавечага жылля. Галоўны корм для гэтых птахаў—насякомыя. У час выкармлівання птушанят бацькі пачаргова і нястомна збіраюць іх. За суткі сінічка робіць да 500 прылётаў да гнязда. Ніякая іншая птушка не прыносіць лесу столькі карысці.У вераб’ёў становішча лепшае, яны пастаянна жывуць ля чалавека. Значыць, заўсёды ёсць укрыццё ад холаду і ворагаў. Тым не менш у зімовую пару яны маюць патрэбу ў нашай дапамозе. Некаторыя лічаць верабейку злодзеем, нават прымаўкі складзены. Аднак гэта не так. Вераб’іная сям’я на працягу вясны і лета можа вывесці 3, а то і 4 вывадкі. Гэта 15-18 птушанят. Усіх неабходна карміць. Зранку да вечара вераб’і наведваюць агароды і сады, шукаюць здабычу. Тым самым яны дапамагаюць чалавеку зберагчы ўраджай.
Аднаго разу бачыў, як верабейка пільна аглядаў градкі з клубніцамі. Без увагі не пакідаў кожны лісток.
Халады не за гарамі. Пакрытая снегам зямля зменшыць колькасць корму для пярнатых. А калі прыціснуць марозы, то трэба ратавацца ад холаду. І чалавек абавязаны дапамагчы крылатым летунам. Зрабіць простыя кармушкі могуць школьнікі. Трэба знайсці зацішнае месца ля дамоў, каб птушкі не баяліся прылятаць падсілкавацца. Адна кармушка з кормам ля дома, а для птушак чалавечая дапамога—выратаванне.
Фадзей ШЫМУКОВІЧ.