> Пытайцеся—адказваем > Питьевая ли вода в колодцах Блажек?

Питьевая ли вода в колодцах Блажек?


9-07-2013, 15:02. : gazeta

У рэдакцыю пісьмо-скаргу даслаў Леанід Яфімавіч Коцікаў з Блажак. На працягу трох гадоў ён звяртаўся ў розныя інстанцыі  па пытаннях якасці вады не толькі са свайго калодзежа, але і ў суседзяў. Яна нясмачная, пры кіпячэнні пеніцца. Сапраўды, штосьці тут не так.

 

Аднавяскоўцы Коцікава пацвердзілі існаванне праблемы. Мала ў каго вада адназначна добрая па колеры і па смакавых якасцях. Год таму чысцілі людзі калодзежы, дзе перавышала норму колькасць нітратаў і хларыдаў, як сведчылі прадпісанні РЦГіЭ. Аднак праблема не вырашылася.

Здагадкі ў вяскоўцаў розныя. Думаюць, што прычына ў нядаўна ўзведзенай станцыі абезжалезвання, непадалёку абсталяваных гарадскіх каналізацыйных стаўках.

 

Л. Я. Коцікаў неаднаразова звяртаўся ў райвыканкам, аблвыканкакам, Віцебскі АЦГЭіАЗ. Пісьмовыя адказы разбіраліся ў санстацыі і рэдакцыі.

Вось што паведамляе ў аддзел пісем галоўны ўрач РЦГіЭ Р. У. Маліноўскі:

"Грамадзянін Л. Я. Коцікаў, жыхар Блажак, звяртаўся ў ДУ "Міёрскі РЦГіЭ" са скаргай на дрэнную якасць вады ў калодзежы ў 2011 і 2012 гадах. Санітарная служба раёна разгледзела яго звароты. Праведзены бясплатна і выбарачна лабараторны кантроль якасці вады з прыватных калодзежаў вяскоўцаў па арганалептычных, хімічных і бактэрыялагічных паказчыках. Аналіз сведчыў аб перавышэнні межава-дапушчальнай нормы канцэнтрацыі нітратаў.

 

Жыхарам Блажак дадзены рэкамендацыі з указаннем мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне якасці вады.

Па выніках маніторынгу размяшчэння і добраўпарадкавання прыватных калодзежаў жыхароў Блажак, які праводзіла санітарная служба ў 2011-2012 гадах, можна зрабіць выснову, што пагаршэнню якасці вады ў калодзежах, асабліва ў вясенне-асенні перыяд, садзейнічаюць: адсутнасць глінянага замка вакол агалоўка калодзежа, адмостка, незахаванне разрываў пры размяшчэнні калодзежаў ад гаспадарчых пабудоў і санітарных аб'ектаў, а таксама блізкае знаходжанне ад праезнай часткі дарогі. Трэба праводзіць рэгулярную ачыстку калодзежаў і дэзінфекцыю.

 

Санітарная служба ажыццяўляе пастаянны лабараторны кантроль за якасцю вады толькі ў калодзежах агульнага карыстання, якіх у раёне налічваецца 117. Па дадзеных Міёрскага сельвыканкама такіх у Блажках няма. У прыватных калодзежах неабходныя даследаванні ажыццяўляюцца выбарачна або па заявах уладальнікаў на платнай аснове. Адпаведна прайскуранту №10 "На правядзенне санітарна-гігіенічных, таксікалагічных і мікрабіялагічных даследаванняў", зацверджанага загадам галоўурача ДУ "Міёрскі РЦГіЭ" ад 15.02.2013 №14, даследаванне вады з калодзежаў па бактэрыялагічных і хімічных паказчыках каштуе 25 тысяч рублёў.

 

Санітарная служба раёна накіравала пісьмо старшыні сельвыканкама (14.11.2012 №03/1005) з падрабязнай інфармацыяй аб выніках кантролю якасці вады. Рэкамендавалася пераабсталяваць некаторыя прыватныя калодзежы ў грамадскія, якімі і цяпер карыстаюцца 2-3 сям'і, адпаведна з патрабаваннямі СанПіН.

На гэты конт старшыня Міёрскага сельвыканкама Галіна Васільеўна Шынкевіч патлумачыла: "Сельсавет не мае паўнамоцтваў з прыватнага калодзежа зрабіць грамадскі. Ведаем пра існуючае пытанне, толькі водаправод вядзецца не за кошт бюджэтных сродкаў, а за ўласныя грошы грамадзян. Займаецца гэтым УП ЖКГ, якое і выкачвае ваду з калодзежаў, што садзейнічае яе ачышчэнню".

 

Пасля звароту Л. Я. Коцікава старшыня сельвыканкама зноў сустрэлася з жыхарамі Блажак, патлумачыла моманты, што залежаць непасрэдна ад яе. Адзначыла, што правядзенне поўнага аналізу вады з калодзежаў — справа кожнага гаспадара індывідуальна, тым больш, што цана даступная. 

Намеснік старшыні райвыканкама Л. І. Лясовіч падкрэслівае, што УП ЖКГ пры паступленні заявы ад жыхароў вёскі Блажкі гатова выканаць работы па водазабеспячэнні населенага пункта ў парадку чаргі на платнай аснове.

 

Падрыхтавала

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.