У апошнюю суботу кастрычніка ў Язне адбыўся фестываль праваслаўных нядзельных школ. Яго мэта — паглыбленне духоўнага выхавання і збліжэнне дзяцей з аднолькавымі інтарэсамі.
Летась у час святкавання 110-годдзя Язненскай Спаса-Прэабражэнскай царквы падобны фестываль быў арганізаваны ўпершыню. Тады ў ім прынялі ўдзел 3 нядзельныя школы з Міёр, Наваполацка і мясцовая. Цяперашні форум сабраў у два разы больш удзельнікаў. Далучыліся нядзельныя школы з Браслава, Глыбокага, Іста. Пачаўся ён святочным малебнам, які адслужыў айцец Сергій. Потым удзельнікі і прыхаджане перайшлі ў Дом культуры.
Гукі ўрачыстага святочнага звона плывуць над залай. “Язненскі Благавест” вітае ўдзельнікаў і гасцей фестывалю праваслаўных нядзельных школ “Пад покрывам любові мацярынскай”, бо прысвечаны пакровам Прасвятой Багародзіцы і Дню маці. Панаваў своеасаблівы настрой — светлы і радасны. Ва ўсім адчувалася ўзнёсласць, таму што са сцэны гучалі велічальныя словы Маці Божай—Прасвятой Багародзіцы самаму галоўнаму чалавеку ў жыцці кожнага з нас — МАЦІ. У выкананні Аксаны Матыль песня “Мой Бог” паслужыла пралогам мерапрыемства. У дадатак кадры на экране з мінулагодняга святкавання дапоўнілі ўзнёсласці.
Настаяцель Язненскай Спаса-Прэабражэнскай царквы айцец Сергій блаславіў пачатак фестывалю. Старшыня сельвыканкама Валянціна Мікалаеўна Фядзьковіч сардэчна вітала ўдзельнікаў і гасцей свята, падкрэсліла ролю маці для кожнага чалавека.
Вядучы Уладзімір Пятровіч Пашковіч запрашае на сцэну першых удзельнікаў — выхаванцаў нядзельнай школы храма абраза Божай Маці “Неспадзяваная Радасць” з Наваполацка. Разам з дзецьмі прыехалі яе кіраўнік, былы святар Язненскай царквы Аляксандр Карандзей, матушка Людміла, выкладчыкі. Выступленне новапалачан было разнастайным і прыгожым.
Для выхаванцаў ня-дзельнай школы з Браслава ўдзел у нашым фестывалі быў першым публічным выпрабаваннем. Вельмі хваляваліся дзеці і іх кіраўнік матушка Людміла.
Цікавым было выступленне ўдзельнікаў нядзельнай школы, якая існуе вельмі даўно пры саборы Ражства Прасвятой Багародзіцы ў Глыбокім.
Вельмі прыгожа выступалі выхаванцы Міёрскай нядзельнай школы. Маленькі калектыў Свята-Уладзімірскай царквы вёскі Іст пад кіраўніцтвам Нэлі Мікалаеўны Аксёнавай паказаў добрую падрыхтаванасць, шчырасць выканання. Спевы ў суправаджэнні баяна, якім умела распараджалася Раіса Мікалаеўна Сачыўка, стварылі своеасаблівы настальгічны настрой.
І вось на сцэне ўдзельнікі Язненскай нядзельнай школы, якая пачала працаваць яшчэ ў пачатку 90-х. Кіраўнікамі ў розны час былі святары Анатоль Іваноў, Аляксандр Карандзей. Шмат цёплых успамінаў пакінула пра сябе матушка Людміла Карандзей. Былыя выхаванцы і цяпер памятаюць яе ўрокі па дамаводству, кулінарыі, кветкаводству, паездкі па святых мясцінах, паходы на прыроду з кастрамі і шашлыкамі, дзіцячы царкоўны хор, велікодныя і калядныя пастаноўкі. Добрыя традыцыі імкнецца прадоўжыць цяперашні кіраўнік Ірына Мікалаеўна Бахір. Асабліва кранула ўсіх песня “Мамы маёй вочы” ў выкананні Уладзіслава Кухцінскага і відэаролік пра любімых мам, які дэманстраваўся ў гэты момант. Многія жанчыны выціралі слёзы, слухаючы шчырыя і пранікнёныя словы прызнання ў любові сваёй матулі. Напрыканцы мерапрыемства кожнай нядзельнай школе быў уручаны дыплом удзельніка фестывалю за подпісам архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага ўладыкі Феадосія, падарункі ад мясцовай улады, буклеты, эмблемы. Свае падарункі школам і арганізатарам уручылі навапалачане.
Завяршыла фестываль песня “Дзякуй, мамы”, якую выканалі ўсе разам прыгожа і ўзнёсла. Затым для ўдзельнікаў і гасцей праведзены “круглы стол”. Святары адказвалі на пытанні, якія цікавілі прысутных.
А пазней святочны стол сабраў каля сотні маленькіх гасцей з розных рэгіёнаў Віцебшчыны. Дзеці частаваліся прысмакамі, якія былі на выставе. Дарэчы, выстава страў праваслаўнай кухні пераўзышла спадзяванні яе арганізатараў. Амаль усе мясцовыя калектывы прынялі ў ёй удзел: дзіцячы сад, школа, бальніца, сельгаспрадпрыемства. Наведвальнікаў здзіўляла майстэрства язненскіх жанчын, іх кулінарны талент, густ, актыўнасць і адказнасць. Асабліва ўразілі шэдэўры кулінарнага мастацтва дружнай каманды Язненскага дзіцячага сада. Яны не толькі радавалі сваёй прыгажосцю, ад іх прыемнага водару нават кружылася галава. Маленькія ўдзельнікі свята, паспрабаваўшы гэтыя прысмакі, паставілі ім самую высокую адзнаку.
Вельмі актыўнымі былі жанчыны з клуба “Вера. Надзея. Любоў”. Яны першымі з’явіліся на выставе са сваімі вырабамі, з густам накрылі прыгожымі абрусамі масленічны стол, выставілі стравы і ўвесь час былі побач, дапамагаючы суседзям.
Радаваў прыгажосцю калядны стол Язненскай участковай бальніцы. Сам кіраўнік завіхаўся тут разам з жанчынамі.
Пашчыравалі настаўнікі. Іх стол выдзяляўся афармленнем, дзіцячай непасрэднасцю.
Выстава малюнкаў і вырабаў выхаванцаў нядзельных школ таксама прыцягнула ўвагу наведвальнікаў. Вельмі цікавыя і разнастайныя па тэхніцы выканання экспанаты з Міёрскай ня-дзельнай школы: акварэль, выцінанка, аплікацыя.
Арганізатары фестывалю ўдзячны ўсім за дапамогу і падтрымку, у першую чаргу айцу Аляксандру і матушцы Людміле з Наваполацка, гаспадыні аграсядзібы “Клённая” Тамары Аляксандраўне Касатай, калектывам Язненскіх дзіцячага сада, сельскага Дома культуры, школы, бальніцы, жанчынам з клуба “Вера. Надзея. Любоў” і ўсім, хто меў непасрэднае дачыненне.
Фестываль адбыўся пры матэрыяльнай падтрымцы дырэктара Полацкага завода “Нодвіг” Ігара Мікалаевіча Сушчэвіча і прэзідэнта “Славянскага культурнага фонду” г. Купянска з Украіны, нашага земляка Васіля Іванавіча Валынца.
І. МІКАЛАЕВА.