10 жніўня надзвычай масава адзначалася ў Дзісне свята іконы Смаленскай Божай Маці “Адзігітрыя”. Туды сабралася 12 святароў і больш тысячы вернікаў—не толькі з нашага, а і з суседніх раёнаў. З самай раніцы ў гэты дзень пачалася літургія ў Свята-Уваскрэсенскай царкве. Потым адбыўся ўрачысты вынас іконы. Полацкая епархія прадаставіла мясцоваму прыходу перасоўную званіцу. Прыгожы звон надаваў мерапрыемству асаблівую ўрачыстасць, прывабліваў і збіраў насельніцтва.

Хрэсны ход рухаўся па вуліцах Кірава, Пушкіна да Адзігітрыеўскай царквы (на могілках). Пасля службы там шэсце працягвалася па вуліцах Горкага, Маліноўскага, Каперніка, Дзвінскай, Юбілейнай і да Свята-Уваскрэсенскай царквы. Пад іконай імкнуліся прайсці не толькі дарослыя, а і дзеці, якіх было вельмі шмат.
Усе яны акрапляліся святой вадой.
Неслі масіўную ікону прыгожыя і дужыя хлопцы з РАНС.
Дарэчы, у гэты дзень бацькі забіралі дзяцей з садкоў, прывозілі з суседніх вёсак,
гарадоў, каб далучыць іх да святыні. Сумаваць малым не даводзілася, бо побач дзейнічалі ўсемагчымыя забавы, арганізоўваліся гульні, прадаваліся ласункі.
Продаж сваіх вырабаў арганізоўвалі і прадпрымальнікі. Ажыўлена працавалі ў гэты дзень прадпрыемствы гандлю.
Т. ЛЕАНОВІЧ.