Паласа перашкод, валейбол, летні біятлон, дартс, рыбная лоўля — з такіх элементаў складалася турыстычнае спаборніцтва сярод работнікаў адукацыі раёна, што праходзіла 13-14 чэрвеня ва ўрочышчы Навалака. Памерацца сіламі прыехалі каманды трох міёрскіх школ, Дзісенскай і "Асарці" (зборная педагогаў з Язна, Цвеціна, Сіцькова і Мікалаёва).
Акрамя спартыўных выпрабаванняў настаўнікі-турысты ладзілі свой быт, гатавалі стравы і творча прадстаўлялі каманды. За ўсім сачыла журы, якое не змагло адзначыць лепшых у конкурсе турыстычных страў, настолькі цікавымі і арыгінальнымі атрымаліся яны ў кожнай каманды. Высока ацанілі бытавыя ўмовы ў лагерах СШ №1 і Дзісенскай школы. Прыйшлі ў захапленне ад артыстызму настаўніка СШ №1 Дзмітрыя Уладзіміравіча Радзіхоўскага і дырэктара ўстановы Уладзіміра Вікенцьевіча Ханецкага, вельмі спадабаліся выступленні каманд Дзісенскай школы і СШ №3.
У спаборніцтвах па дартсе перамаглі Міхаіл Міхайлавіч Рудзёнак (СШ №2) і Алена Паўлаўна Красоўская (Дзісенская школа). У рыбнай лоўлі лепшымі былі "Асарці".
А тройка лідараў атрымалася такой: першае месца — Дзісенская СШ, другое — СШ №2, трэцяе — СШ №1.
Кацярына СУРАВЕЦ.