У кожнай з гэтых роляў паспрабавалі сябе вучні школ раёна, якія ўдзельнічалі ў традыцыйным турыстычным злёце. Месца сустрэчы — урочышча Навалака, на каляндары — 12-13 чэрвеня. Спаборніцтвы праходзілі паміж зборнымі камандамі школ у дзвюх узроставых групах — сярэдняй і старэйшай.
На спрыт, хуткасць і ўмеласць выпрабоўвала юных турыстаў паласа перашкод, якая пачыналася з укладкі рукзака і ўстанаўлення палаткі, а потым — пераправа па бервяне, па жэрдках праз забалочаны ўчастак, развядзенне кастра, мышалоўка і купіны. Здавалі экзамен на веданне правіл аказання першай медыцынскай дапамогі. Уменне шукаць і знаходзіць праверыла спартыўнае арыенціраванне.
Свае артыстычныя здольнасці ўдзельнікі турзлёту паказалі ў конкурсе мастацкай самадзейнасці. Тут вызначыліся Дзісенская, Перабродская і Слабадская школы. Лепшыя насценгазеты пра турыстычнае жыццё-быццё атрымаліся ў карэспандэнтаў і рэдактараў з Дзісенскай, Дварнасельскай, Сіцькоўскай і СШ №3. Конкурс быту паказаў, наколькі камфортна, акуратна і эстэтычна былі аформлены лагеры. Улічваліся і ўмовы захавання прадуктаў, і стан кухні, і склад меню. Выдатнымі гаспадарамі зарэкамендавалі сябе турысты Дзісенскай, Мікалаёўскай, Дварнасельскай і Завуццеўскай школ.
Хвалюючым быў момант падвядзення вынікаў. Яны атрымаліся такімі. У сярэдняй узроставай групе першае месца за Павяцкай СШ, на другім Дзісенская СШ, трэцяе ў СШ №2. Перамогу ў старэйшай групе заваявала Чапукоўская СШ, другое месца заняла Дзісенская, а трэцяе — Новапагосцкая.
Пераможцы атрымалі добрыя прызы — палаткі, спальныя мяшкі, футбольныя і валейбольныя мячы, тэнісныя ракеткі, скакалкі… і смачныя торты. За салодкія падарункі арганізатары турзлёту вельмі ўдзячны міёрскаму хлебазаводу.
На здымку: дзісенскія турысты з узнагародамі і падарункамі.
К. СУРАВЕЦ.