Арганізоўваць значныя спартыўныя мерапрыемствы і запрашаць да ўдзелу сяброў у Міёрах любяць. Менавіта таму спартсмены з Віцебшчыны і нават бліжняга замежжа ніколі не адмаўляюцца ад магчымасці наведаць наш гасцінны горад.
На гэты раз міярчане віталі ўдзельніц міжнароднага турніру па валейболе сярод жаночых каманд Шу-мілінскага і Верхнядзвінскага раёнаў, Наваполацка, "Міёры-1" і "Міёры-2", а таксама валейбалістак з Пскова (Расійская Федэрацыя). Такое мерапрыемства не мае аналагаў ва ўсёй вобласці. Сёлета яго прысвяцілі святкаванню 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Пад гукі дзяржаўных гімнаў краін-удзельніц паклалі пачатак турніру. Першай спартсменак павітала намеснік старшыні райвыканкама Т.А. Стальмачонак, якая падзякавала камандам, што яны не абмінулі ўвагай важную падзею, падкрэсліла значнасць іх унёску ў папулярызацыю здаровага ладу жыцця, а таксама пажадала валейбалісткам справядлівых перамог і запамінальных матчаў.
Традыцыйным пачастункам для гасцей, а для некаторых і нечаканым сюрпрызам, сталі міёрскія караваі. Са словамі падзякі ў адрас гаспадароў выступіла старшыня раённай арганізацыі ГА "Белая Русь" Шумілінскага раёна Л.У. Маладзечкіна. Бадзёры і святочны настрой удзельнікам сустрэчы падарылі артысты танцавальнага калектыву Міёрскай СШ №3.
Паколькі каманд было не так шмат, раён на спаборніцтвах прадставілі дзве зборныя. За "Міёры-1" выступілі студэнткі старэйшага ўзросту — Ганна Пірог, Юлія Грэцкая, Таццяна Арсоба, Вольга Жук, Ірына Грыгор'ева, Маргарыта Граковіч, Ксенія Алісі-енка, Анастасія Грыгор'ева. Прадстаўнік — Віктар Уладзімі-равіч Вішнякоў.
У склад "Міёры-2" увайшлі самыя юныя валейбалісткі 1999-2001 г.н.: Крысціна Кузьміна, Ульяна Кавалёнак, Дар'я Кавалёва, Дзіяна Малец, Ксенія Жук, Святлана Капцюг, Валерыя Кліпацкая, Анастасія Адамёнак. Каманду прадставіла Надзея Граковіч.
Гульні скончыліся толькі ўвечары. Нешматлікія балельшчыкі, якія прыйшлі на турнір, сталі сведкамі цікавых матчаў і шчыра падтрымалі нашых валейбалістак.
Як пазней адзначыў трэнер і адзін з арганізатараў турніру В.У. Вішнякоў, на валейбольнай пляцоўцы падабраліся амаль роўныя па сілах саперніцы, а вынікі сустрэч былі абсалютна заканамернымі — тройку лідараў склалі самыя моцныя і падрыхтаваныя каманды, гульнявыя паказчыкі якіх мелі зусім невя-лікія разбежкі.
Такім чынам, пераможцамі турніру і ўладальніцамі кубка сталі ігракі з Наваполацка, другое месца занялі госці з Пскова, валейбалісткі "Міёры-1" — трэція. Самыя юныя і, між тым, вельмі здольныя і заўзятыя дзяўчаты з другой міёрскай каманды — чацвёртыя. Тройка прызёраў ўзнагароджана адпаведнымі медалямі. Памятныя вымпелы ўсім удзельнікам спаборніцтваў уручыў старшыня праўлення ГА "Валейбольны клуб "Чайка" Валерый Леанідавіч Рабцаў.
Усе ўдзельнікі турніру на развітанне адзначылі высокую якасць арганізацыі мерапрыемства. Хочацца спа-дзявацца, што яны прыедуць у Міёры яшчэ не аднойчы і колькасць каманд і балельшчыкаў будзе павялічвацца.
Арына БАРКОЎСКАЯ.