Аляксей Жураўскі
Узрост: 15 гадоў.
Школа: Міёрская №3
Від спорту: футбол
Трэнер: А.С. Грыгаровіч.
Складана пераацаніць ролю нападаючага падчас гульні — менавіта ён знаходзіцца бліжэй за ўсіх да варот саперніка і забівае пераможныя галы. Усё гэта Аляксей Жураўскі ведае на ўласным вопыце, бо займаецца футболам ужо не першы год.
Захапіўся гэтым відам спорту з дзяцінства: спачатку ганяў мяч разам з сябрамі, а потым здольнага хлопца, які значна пераўзыходзіў равеснікаў па ўзроўні гульні, запрасіў у каманду Алег Станіслававіч Грыгаровіч. З першых дзён Аляксей зацвердзіў сябе здольным іграком, усёй душой адданым спартыўным заняткам. Ён адразу стаў сваім сярод хлопцаў, і хутка забітыя ім мячы пачалі прыносіць камандзе новыя перамогі.
"Я перакананы, што прыцягнуць чалавека да спорту немагчыма, і справа тут не ў матывацыі, а ва ўласным жаданні, — зазначае Аляксей. — Толькі калі ёсць зацікаўленасць і жаданне нечага дабіцца, будзе і вынік".
За плячамі хлопца мноства турніраў раённага, абласнога і нават рэспубліканскага маштабу. Дарэчы, менавіта на рэспубліканскім турніры "Скураны мяч" ён атрымаў званне "Лепшы нападаючы" і лічыць гэтую ўзнагароду самай важнай у сваёй біяграфіі. У яго калекцыі мноства дыпломаў, чатырнаццаць медалёў і сем статуэтак, справядліва заробленых падчас футбольных баталій.
Аляксей жартуе, што пра хобі або іншыя захапленні ў яго можна і не пытацца — усе думкі і памкненні даўным-даўно заняў футбол, і наўрад ці такі расклад спраў зменіцца. А пакуль што ён прысвячае ўвесь вольны час любімаму віду спорту і, як заўзяты футбаліст, адзначае, што першы ганарар абавязкова патраціў бы на прафесійныя бутсы.
Фота К. БЛАЖЭВІЧА.