"Спорт — гэта здароўе!" — напэўна, пад такім лозунгам удзельнікі раённых спаборніцтваў па зімовым шматбор'і "Здароўе" далучыліся да студзеньскай спартыўнай барацьбы. Праяўлялі сябе вучні адразу ў некалькіх відах: стральба з пнеўматычнай вінтоўкі (9-11 класы), скачкі ў даўжыню з месца, згібанне і разгібанне рук ва ўпоры лежачы (дзяўчаты), падцягванні на высокай перакладзіне (хлопцы), лыжная гонка.
Напрыканцы студзеня ў Шуміліна традыцыйна прайшоў міжнародны турнір па валейболе сярод дзяўчат, прысвечаны памяці Героя Савецкага Саюза Пятра Акуцыёнка. У лік каманд-удзельніц увайшлі і валейбалісткі з Міёр. Іх саперніцамі па пляцоўцы сталі спартсменкі з Шуміліна, Бешанковіч, Верхнядзвінска і Пскова.
Важная спартыўная падзея для ўсёй краіны — Чэмпіянат свету па біятлоне сярод юніёраў і юнакоў, які пройдзе ў Беларусі 17-24 лютага. Галоўнай пляцоўкай спаборніцтваў стане знакамітая спартыўная база — Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы", дзе знаходзіцца адзін з лепшых біятлонных комплексаў у свеце.
Яўген Пішчулёнак Узрост: 15 год. Школа: СШ № 3. Від спорту: футбол. Трэнер: А.С. Грыгаровіч.
Яўген Пішчулёнак з футболам на "ты" з трэцяга класа. У сваёй камандзе ён паўабаронца, менавіта на яго ўскладзена функцыя дапамагаць ігракам нападзення і ігракам абароны. З пастаўленай задачай хлопец спраўляецца на "выдатна", нездарма на адным з футбольных турніраў у Паставах ён названы лепшым паўабаронцам.
Вікторыя Скрэбутан Узрост: 14 гадоў. Школа: Дзісенская СШ. Від спорту: лёгкая атлетыка. Трэнер: І.І. Гіржда.
Віка са спортам на "ты" з чацвёртага класа. Актыўная і мэтанакіраваная, яна не здзівілася, калі ёй прапанавалі заняцца лёгкай атлетыкай больш сур'ёзна. Дзяўчына аднолькава гатовая і да ўдзелу ў шматбор'і, і да бегавых дыстанцый рознай даўжыні.
У апошні дзень студзеня ў спартыўнай зале ФСК "Атлант" прайшло першынство раёна па валейболе сярод жаночых каманд сельскіх КФК. Удзел у спаборніцтвах прынялі пяць каманд: ААТ "Пад'ельцы", "Узмёнскі край", "Любінова", СУП "Павяцце" і КУП "Язна".
У студзені Міёрская СШ №2 і Цвецінская ДС-СШ прымалі ўдзельнікаў раённых спаборніцтваў па зімовым шматбор'і "Абаронца Айчыны" сярод дапрызыўнай і прызыўнай моладзі. У праграму мерапрыемства былі ўключаны стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, падцягванне на перакладзіне і лыжныя гонкі. Сваю спартыўную падрыхтоўку ў выпрабаваннях прадэманстравалі 12 зборных каманд.
У канцы студзеня спарткомплекс "Атлант" прымаў ігракоў абласнога адкрытага турніру па міні-футболе на прызы ФСК "Атлант". Удзельнічалі ў мерапрыемстве футбалісты з Віцебска, Верхнядзвінска, Лёзна, Наваполацка і дзве каманды Міёр.
Пачатак зімы не надта радаваў снегам, а вось у другой яе палове аматары лыж і канькоў нарэшце змаглі дастаць свой спартыўны інвентар і ў поўнай меры атрымаць задавальненне ад зімовых відаў спорту. Сапраўдным падарункам для ўсіх аматараў здаровага ладу жыцця стане зімовае спартыўнае свята "Міёрская лыжня-2015", якое пройдзе ў суботу, 14 лютага, на стадыёне ФСК "Атлант", у 10.30. Мерапрыемства сабярэ ўдзельнікаў першынства раёна па лыжных гонках сярод КФК сельгаспрадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, а таксама юных спартсменаў, якія праявяць свой спрыт падчас свята "Зімовыя забавы".