> Спорт і турызм > Турзлёт

Турзлёт


10-06-2011, 11:05. : gazeta
Турзлёт
Ва ўрочышчы Навалака з 3 па 5 чэрвеня праходзіў турзлёт арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Удзельнічала восем каманд: райаграсервіс, аддзел адукацыі, лясгас, ПМК-55, ДРБУ-203, УП "Міёрскі", ЦРБ і Міёрскае ПМС.
Першай задачай для спартсменаў-турыстаў з'яўлялася добраўпарадкаваць тэрыторыю, на якой размяшчаўся іх лагер. Адны ўпрыгожвалі ўваход-браму папараццю, іншыя зрабілі агароджу з магнітнай касетнай стужкі, трэція "абазначылі" сваю тэрыторыю тоўстай стужкай з надпісам "Асцярожна", карацей—усе рэалізоўвалі фантазіі па-свойму. Наперадзе іх чакала яшчэ насычаная і цікавая праграма.

Судзейскую калегію прадстаўлялі А. І. Жук, А. Г. Дуброўскі, К. К. Кыцеў, І. І. Гіржда, І. М. Навіцкі, Д. У. Радзіхоўскі, Р. Г. Казлоўская, К. А. Курдутава і А. У. Пальчэўская.
Першы конкурс — трыятлон — па праву можна лічыць самым складаным, бо ўключае ў сябе бег на доўгую дыстанцыю, плаванне і язду на веласіпедзе. Лепшыя вынікі паказалі ПМК-55, аддзел адукацыі і ДРБУ-203. У наступных двух відах — велатурызме і велатрыале — лідзіравала каманда ЦРБ, другія месцы занялі ў першым лясгас і адпаведна ПМК-55, а трэція — УП "Міёрскі" і аддзел адукацыі. На міні-футболе больш галоў забілі футбалісты ПМС, на другім месцы УП "Міёрскі", а на трэцім — ДРБУ-203. У валейболе перамаглі спартсмены ДРБУ-203, другую пазіцыю заняла каманда ПМК-55, а трэцюю — ЦРБ. Хутчэй і правільней за іншых пераадолела паласу перашкодаў ПМК-55, затым ДРБУ-203 і райаграсервіс. Першае месца па добраўпарадкаванні быту занялі гаспадары і гаспадыні ПМК-55, другое месца аказалася ў аддзела адукацыі, а трэцяе — у райаграсервісу.
Турзлёт
Весела вечарам на другі дзень прайшоў конкурс мастацкай самадзейнасці, дзе зноў лідзіравала ПМК-55, затым ішлі аддзел адукацыі і ЦРБ. Некалькі гадзін працавала рэдкалегія кожнай каманды над падрыхтоўкай нумароў газеты "Будні злёту". На думку суддзяў, лепш адлюстраваць на паперы жыццё турыстаў атрымалася ў ЦРБ, другое месца ў аддзела адукацыі і трэцяе — у ПМК-55. Густ афармлення і смакату страў турыстаў на асобным конкурсе ацэньвалі Р. Г. Казлоўская і К. А. Курдутава. Самы "Смачны турабед" атрымаўся ў повараў каманды ПМК-55, а ДРБУ-203 і УП "Міёрскі" — на другім і трэцім месцах.
Судзейская калегія падлічыла ачкі і першае месца прызнала за камандай ПМК-55, другое аказалася за аддзелам адукацыі і трэцяе — за ЦРБ. Камандам, якія занялі першае-трэцяе месцы, ад аддзела па справах моладзі ўручылі прызы, граматы ад РК ГА БРСМ і кубкі ад аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму.

Падрыхтавала Вольга ВІШНЕЎСКАЯ.