> Спорт і турызм > Здоровый отдых

Здоровый отдых


25-06-2015, 13:40. : gazeta

Спартсмены — народ асаблівы. У іх сваё разуменне баўлення вольнага часу і сапраўднага адпачынку. Пасіўнае ляжанне на канапе або пляжы не для іх, аматарам спорту даспадобы актыўныя гульні на свежым паветры і цікавыя спартыўныя мерапрыемствы.

 

Якраз такія захопленыя асобы і сталі наведвальнікамі летняга лагера пры Міёрскай ДЮСШ. Чэрвеньскую змену склалі 69 чалавек, падзеленых на 4 атрады: па два дзяўчат-валейбалістак і хлопцаў-футбалістаў.
Як і заўсёды, час дзеці праводзілі актыўна і насычана. Акрамя абавязковых для кожнага дня вучэбна-трэніровачных заняткаў, рэгулярна хадзілі ў кінатэатр, сталі пастаяннымі наведвальнікамі фізкультурна-аздараўленчага комплексу, дзе кожны выбраў сабе занятак па душы: більярд або тэніс, басейн.


Акрамя гэтага, дзецям змена запомнілася і іншымі цікавымі падзеямі. У адну з субот юныя спартсмены прымалі на полі ДЮСШ гасцей—наведвальнікаў школьных лагераў з Міёрскай БШ і СШ №3. Паміж камандамі, якія складаліся з васьмі чалавек кожная, была наладжана спартландыя. Падчас яе дзяўчатам і хлопцам давялося скакаць у мяхах, насіць на ракетцы тэнісныя мячы, бегаць з абручамі і г.д. Зразумела, што з выхаванцамі спартыўнай школы астатнім было цяжка сапернічаць, таму і вынік—першае месца каманды ДЮСШ—стаў абсалютна заканамерным. Пераможцаў узнагародзілі памятнымі прызамі.


На наступным тыдні хлопцы змаглі паспытаць сваё рыбацкае шчасце і атрымаць званне лепшага рыбака падчас адпаведнага конкурсу, які для іх арганізаваў трэнер В.У. Шумілаў. Дзяўчаты, якія ў рыбнай лоўлі ўдзелу не прымалі, горача "хварэлі" за сваіх сяброў.
Пераканана, цікавая і насычаная падзеямі спартыўная змена для выхаванцаў Міёрскай ДЮСШ праляцела непрыкметна.

 

Арына БАРКОЎСКАЯ.