Актавая зала Дзісенскай школы была запоўнена гледачамі: настаўнікі, вучні, іх бацькі прыйшлі на заключны этап конкурсу "Вучань года". 11 выхаванцаў 3-10-х класаў выйшлі ў фінал па выніках паспяховасці і конкурсу партфоліа. Для іх заключны этап прадугледжваў аратарскі, інтэлектуальны і іншыя адзінаборствы.
"Візітка" ўяўляла сабой самапрэзентацыю. І тут роўных не было Марыі Шавяковай, якая цудоўна праспявала пра сябе. Пастараліся таксама Таццяна Шарабайка, Уладзіслаў Гіржда. Падчас аратарскіх выступленняў трэба было паразважаць над выказваннямі знакамітых лю-дзей, тут вылучыўся Кірыл Мішутоў. Інтэлектуальны конкурс прадугледжваў па тры пытанні на розныя тэмы. Дзеці выдатна справіліся з заданнем. Ну а самы цікавы "Я — талент" не пакінуў раўнадушным нікога. Паліна Івашчук прачытала верш пра лета, Ксенія Мільяновіч праспявала песню "Добры настрой" і прадставіла на суд журы музычную п'есу, напісаную ёй самой для маці. Таццяна Шарабайка сыграла на фартэпіяна "Маленькую калыханку". Вершы Кірыла Мішутова "Мама" і Марыі Ядрэўскай "Ода ветэранам" (апошні — уласнага сачынення) выклікалі слёзы на вачах гледачоў. Паліна Мятла прадэманстравала прысутным сваё пано, выкананае ў тэхніцы сурвэтачнага ціснення, і праспявала вечна юную "Кацюшу". Аляксандр Сташкевіч прачытаў байку "Воўк і ягня", а Марыя Шавякова праспявала песню "Дзеці адной любові". Уладзімір Стацэвіч прачытаў знакаміты верш "Барадзіно" і выклікаў гром апладысментаў за песню "Ідзе салдат па горадзе". Усе затаілі дыханне, пачуўшы гукі вальса, і на гэта была прычына: Уладзіслаў Гіржда з Дар'яй Пятроўскай зачаравалі ўсіх выкананнем гэтага цудоўнага танца. А талент Юліі Стальмачонак праявіўся ў тым, што яна — пастаянная вядучая розных мерапрыемстваў, у тым ліку і гэтага конкурсу, бо сцэнарый праграмы склала сама. А дапамагалі весці фінал яе аднакласнікі Дзмітрый Галуза і Фёдар Мядзелец.
Паміж конкурсамі былі музычныя нумары ў выкананні Паліны Валенцік, Аляксандра Свірко, Джэсікі Двойнінай, Кацярыны Яленскай, Алесі Лушчык, Кацярыны Леснічовай, братоў Яўгена і Сяргея Барташэвічаў.
"Лідарам школы" быў названы Аляксандр Сташкевіч, "Артыстычнай асобай" — Уладзімір Стацэвіч, "Крэатыўнай асобай" — Юлія Стальмачонак, "Надзеяй школы" — Таццяна Шарабайка, "Юным талентам" — Ксенія Мільяновіч, "Нашчадкам Ламаносава" — Марыя Ядрэўская, "Юным даследчыкам" — Паліна Івашчук. Марыя Шавякова атрымала дыплом у намінацыі "Ініцыятыва і творчасць", Уладзіслаў Гіржда — у намінацыі "Да вяршыняў спорту", Кірыл Мішутоў — "Імкненне да перамогі", Паліна Мятла — "Хачу. Магу. Ствараю".
Ну, а званне "Супер-вучань" атрымала васьмікласніца Марыя Шавякова, яна набрала больш за ўсіх балаў.
Задавальненне атрымалі і гледачы, і ўдзельнікі конкурсу. Удзячны старшыні апякунскага савета Дзмітрыю Віктаравічу Шавякову за дапамогу ў набыцці падарункаў для фіналістаў конкурсу.
А. КРАСОЎСКАЯ.