> Адукацыя і выхаванне > Обнаружить и исправить

Обнаружить и исправить


29-10-2014, 09:58. : gazeta

Навучыць дзяцей чытаць і пісаць — задача складаная. Не кожнаму лёгка даюцца гэтыя, на погляд дарослых, элементарныя рэчы. Здараюцца памылкі пры чытанні і пісьме: прапускаюцца літары, словы пішуцца разам або адно слова раздзяляецца на два. Бацькі, а часам і настаўнікі, лічаць прычынай няўважлівасць. Аднак калі такія памылкі паўтараюцца рэгулярна, гэта азначае, што ў дзіцяці часткова парушаны працэсы пісьма (дысграфія) і чытання (дыслексія). 


Як распазнаць парушэннні? Дзеці з дыслексіяй пры чытанні прапускаюць гукі, дабаўляюць непатрэбныя, скажаюць гучанне слоў, мяняюць літары месцамі, прапускаюць пачатковыя склады слоў, хуткасць чытання ў іх невысокая. Часта не могуць дакладна ўспрымаць на слых пэўныя гукі і выкарыстоўваць іх ва ўласным маўленні, пры чытанні і пісьме. Цяжка адрозніваць блізкія гукі: "Б"-"П", "Д"-"Т", "Г"-"К", "З"-"С", "Ж"-"Ш". Таму неахвотна выконваюцца заданні па мове, пераказ, чытанне — усе гэтыя віды работ не даюцца.


Пры дысграфіі дзеці з цяжкасцю авалодваюць пісьмом. У дыктантах і пісьмовых практыкаваннях шмат граматычных памылак. Яны не выкарыстоўваюць вялікія літары, знакі прыпынку, у іх непрыгожы почырк. У сярэдніх і старэйшых класах стараюцца абыходзіцца пры пісьме кароткімі фразамі з абмежаваным наборам слоў, але грубыя памылкі застаюцца.


Што рабіць, калі ў дзіцяці выявіліся дысграфія і дыслексія? Трэба трэніраваць маўленчы слых і літарны зрок. Аднаму спатрэбіцца год заняткаў, іншаму — некалькі месяцаў. Лепш за ўсё звярнуцца да дэфектолага, але трэба і самім займацца з дзіцяці.
Вось некалькі практыкаванняў, якія дапамогуць справіцца з дысграфіяй:
*штодня на працягу 5 хвілін дзіця ў любым тэксце (акрамя газетнага) закрэслівае зададзеныя літары. Пачынаць трэба з адной галоснай, потым перайсці да зычных. Варыянты могуць быць самыя розныя. Напрыклад, літару А закрэсліць, а літару О абвесці. Можна даваць парныя зычныя або тыя, у вымаўленні ці адрозненні якіх ёсць праблемы. Да прыкладу, Р-Л, С-Ш і да т. п. Калі выконваць такія практыкаванні штодня не больш за 5-10 хвілін, то праз 2-2,5 месяцы якасць пісьма палепшыцца;
*кожны дзень пішыце дыктанты па 15-20 слоў алоўкам. Невялікі тэкст пад сілу дзіцяці, і памылак у ім будзе менш. Правяраючы напісанае, памылкі не закрэслівайце, а адзначце іх на палях зялёным, чорным ці фіялетавым стрыжнем (ні ў якім выпадку не чырвоным). Затым дайце сшытак на выпраўленне дзіцяці;
*выконвайце практыкаванні на маруднае чытанне з ярка выражанай артыкуляцыяй і спісваннем тэксту.
Займаючыся з дзіцяці, улічвайце наступнае:
*забяспечвайце спрыяльныя ўмовы, каб дзіця адчувала хоць невялікі, але поспех;
*чытайце менш, але якасна;
*пазбягайце аб'ёмных тэкстаў і дыктантаў;
*на першых этапах больш працуйце з вусным маўленнем.
Калі вашаму дзіцяці неабходна дапамога, звяртайцеся да школьнага настаўніка-дэфектолага або да спецыялістаў ДУА "Міёрскі раённы Цэнтр карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі". Мы знаходзімся па адрасе вул. Юбілейная,8а. Тэлефоны 4-18-55, 3-35-83. Будзем рады вам дапамагчы!


Жанна КУРАШ, намеснік дырэктара ДУА "Міёрскі раённы ЦКРНіР".