У маёй выбарчай акрузе 20 населеных пунктаў, дзе жыве 780 чалавек. Сярод тых, хто патрабуе асаблівай увагі, 269 пенсіянераў, два ўдзельнікі вайны, 21 інвалід, 11 адзінокіх састарэлых і столькі ж мнагадзетных, а яшчэ 14 нядобранадзейных сем'яў.
З людзьмі сустракаюся не толькі ў кожны другі аўторак, калі вяду прыём выбаршчыкаў у будынку Завуццеўскага сельскага Савета. А ў час асабістага прыёму да мяне звярнулася 37 чалавек, у асноўным іх патрэбы задаволены. Наведвала аддаленыя вёскі Маназыль, Крупенішча, Казлоўцы, Галомысла, каб бліжэй пазнаёміцца з праблемамі вяскоўцаў у час асабістага прыёму. Ва ўсіх населеных пунктах прайшлі сходы, на якіх вырашалі надзённыя пытанні. Перад імі ці пасля праводзіліся гутаркі, улік індывідуальных патрэб, ішла размова аб развіцці падсобных гаспадарак, добраўпарадкаванні і іншым. Па гэтых і іншых пытаннях размовы працягваліся ў час падворных абходаў, некаторым сяльчанам даводзілася ўручаць прадпісанні. Пры падтрымцы дэпутатаў сельскага Савета і старэйшын арганізоўвалі насельніцтва на рамонт дамоў,афарбоўку фасадаў і агародж, уборку смецця, абкошванне сядзіб, добраўпарадкаванне могілкаў.
Усім нашым вяскоўцам па іх жаданні выдзелены зямельныя ўчасткі для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, сенакашэння і пасьбы жывёлы. Гаспадаркі дапамагаюць у апрацоўцы агародаў, прадаюць насенны матэрыял, аказваюць ветэрынарныя і транспартныя паслугі па прыемлемых цэнах. Каардыную закуп малака, узгадняю ўсе арганізацыйныя пытанні ў час сходаў з малаказборшчыкамі і малаказдатчыкамі. У выніку летась закуп павялічыўся на 3% і дасягнуў 1026,4 тоны. Пры гэтым у разліку на карову ён вырас на 15% — да 3265 кілаграмаў ад кожнай.
Істотна павялічыўся закуп мяса ў насельніцтва, за год ён перавысіў 20 тон. Сельсавет па гэтым паказчыку займае другое месца ў раёне.
Сумесна з настаўнікамі, медработнікамі і ўчастковым інспектарам штомесяц наведваем нядобранадзейныя сем'і. Вынікі акцыі "Сям'я без насілля" рэгулярна абмяркоўваюцца з вызначэннем мер уздзеяння да нядобранадзейных бацькоў. Цесны кантакт з камісіяй па справах непаўналетніх і школамі дазваляе звяртаць увагу на з'яўленне негатыўных парасткаў, якія ў далейшым могуць прывесці да непажаданых вынікаў у выхаванні дзяцей, да разбурэння сем'яў.
У сваёй рабоце лічу асноўным своечасова рэагаваць на запыты насельніцтва і ўцягваць вяскоўцаў у вырашэнне сацыяльна-эканамічных праблем. А іх таксама хапае. У ліку першачарговых — перадача артэзіянскай свідравіны ў вёсцы Завуцце на абслугоўванне УП ЖКГ, добраўпарадкаванне дарогі Чарапы-Папшулі.
В. БУЁНАК,
дэпутат раённага Савета
па Завуццеўскай выбарчай акрузе,
старшыня Завуццеўскага сельскага Савета.