На пчальніку ААТ "Пад'ельцы" сёлета адкачалі 2 тоны 910 кілаграмаў мёду. Кожная сям'я крылатых працаўніц прынесла з палёў, садоў і лясоў у соты па 20,7 кілаграма няктару. Салодкую бурштынавую прадукцыю мясцовыя пчаляры Франц Антонавіч Мароз і Віктар Паўлоўскі адкачвалі за сезон тройчы.
— Першы мёд — вясенні, самы духмяны, — атрыманы з розных кветак, у тым ліку з шырокараспаўсюджанага ў нашай мясцовасці дзьмухаўцу, але ў большасці — з палеткаў азімага рапсу. Другі збор — з грэчкі, донніку і яравога рапсу. Трэці — з донніку, грэчкі, канюшыны, верасу балотняга. Зразумела, што пчолы і на многіх іншых кветках збіраюць слодыч.
— Па пажыўнасці і лекавых уласцівасцях усе віды мёду, атрыманыя ў розныя перыяды, не ўступаюць адзін другому, — кажа Франц Антонавіч і заводзіць размову пра фактары, якія ўплываюць на медазбор. — Пчолы могуць адляцець ад вулля дзесьці на 8 кіламетраў, але радыусам карыснага палёту лічыцца адлегласць не больш за 2 км. Таму меданосныя сельгаскультуры ў таварыстве стараюцца пасеяць бліжэй да пчальніка. Важна, каб і надвор'е было "лётным". Максімальнае вылучэнне нектару раслінамі адбываецца пры тэмпературы паветра ад +18 да +25 градусаў. А вось пры рэзкім пахаладненні яго становіцца менш, а ў некаторых раслін-меданосаў і ўвогуле спыняецца. Меданосныя культуры павінны паблізу ад вулляў квітнець усё лета, каб крылатыя працаўніцы нават у халодную пару пры часовых праясненнях маглі хутка напаўняць мёдам соты.
Для атрымання лыжкі мёду (30 г) 200 пчол павінны збіраць нектар на працягу дня. Прыкладна столькі ж крылатых працаўніц павінны займацца яго прыёмам і апрацоўкай у вуллі. А для атрымання аднаго кілаграма слодычы яны зробяць да 4 500 вылетаў і наведаюць 6-10 мільёнаў кветак.
На пчальніку, які размешчаны ва ўрочашчы Карпачова, цяпер 140 вулляў, у якіх жывуць пчолы "міралюбівай" карпацкай пароды. Рознакаляровыя аднапавярховыя домікі роўнымі радамі выстраіліся ў штучна створаным зялёным аазісе — зацішным месцы, сярод дрэў і кустоў, большасць якіх пасаджаны рукамі заснавальніка пчальніка Ф. А. Мараза. Шмат працы прыклаў Франц Антонавіч для таго, каб на пустым месцы сярод поля зрабіць "узлётныя палосы", забяспечыўшы належныя ўмовы для размяшчэння вулляў і камфортнага пражывання на гэтай тэрыторыі крылатых працаўніц.
Ф. А. Мароз зазначыў, што для павышэння прадукцыйнай дзейнасці пчоласем'яў закупляюць чыстапародных пчаламатак у Дубровенскім і Брэсцкім пітомніках. А развядзеннем пчаласем'яў займаюцца самі.
Франц Антонавіч — пчаляр з вялікім стажам. Працуе на пчальніку 25 гадоў. А вось яго малады напарнік Віктар Паўлоўскі ў пчалярстве навічок, далучыўся да гэтай справы два гады назад і не меў ніякага вопыту. Расказваючы пра першыя месяцы работы, усміхаецца:
— Былі і балючыя пчаліныя ўкусы і пухліны. А цяпер ці то я да пчол прывык, ці то яны да мяне, але знайшлі, як кажуць, агульную мову і паразуменне.
Працуючы побач з прафесіяналам, малады пчаляр хутка асвоіў пэўныя тонкасці бортніцтва. Аднак сам ён лічыць, што ў справе пазнання і ўдасканалення два гады практыкі — гэта зусім кароткі тэрмін, хочацца яшчэ многаму навучыцца. А настаўнікі ў яго гожыя — Франц Антонавіч і… маленькія, але такія працавітыя пчолы.
Старэйшы пчаляр стараецца перадаць маладзейшаму ўвесь свой вопыт і ўменне, а той рупліва асвойвае навуку і атрымлівае задавальненне ад справы, якой займаецца.
На здымках: пчаляры ААТ "Пад'ельцы" працуюць на пчальніку.
Эліза БЛАЖЭВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.