Механізатар ВУПКУ "Міёрскі" Уладзімір Матэленак падрыхтаваў да выезду ў поле замацаваную за ім тэхніку. Мяркуе, што распачне палявыя работы ў ліку першых, бо кіруе магутным "К-701", які мае высокую праходнасць нават пры павышанай вільготнасці глебы. У навесе — чызель з баронамі, а таму давядзецца працаваць з асаблівым стараннем, каб забяспечыць своечасовую падрыхтоўку глебы для сяўбы яравых культур.
На мінулым тыдні ў Туркоўскім і Мікалаёўскім сельсаветах прайшлі сустрэчы з насельніцтвам па месцы жыхарства па перадвыбарнай тэматыцы. Адначасова чатыры інфармацыйна-прапагандысцкія групы, кожная з якіх правяла па тры выступленні ў працоўных падраздзяленнях ці вёсках, вяла гаворку пра справы ў раёне, умацаванне здаровага ладу жыцця і правапарадку, папярэджанне няшчасных выпадкаў, пажараў і многае іншае. Важным момантам такіх мерапрыемстваў з'яўляецца зваротная сувязь, імкненне выслухаць заўвагі і прапановы вяскоўцаў, ды і не толькі іх.
13 сакавіка пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама І. В. Кузняцова і яго першага намесніка, начальніка райсельгасхарчу В. А. Бялько праведзены семінар-нарада з дырэктарамі, галоўнымі заатэхнікамі і ветурачамі гаспадарак, у першую чаргу па пытаннях развіцця жывёлагадоўлі. Выступілі намеснік начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі П. В. Пятроў, галоўны дзяржаўны ветэрынарны ўрач М. П. Масал, кіраўнік райплемстанцыі А. Б. Клубань. Яны падвялі вынікі работы па сваіх напрамках дзейнасці, вызначылі задачы на бліжэйшы перыяд.
На 12 сакавіка тэхагляд самаходнай колавай тэхнікі праведзены ў дзесяці прадугледжаных графікам сельгаспрадпрыемствах. Па традыцыі да яго добра падрыхтавалася інжынерная служба УП "Цітова" (галоўны інжынер П. А. Крысенка). Гаспадарка мае 30 адзінак належачай агляду тэхнікі, на лінейку гатоўнасці было выстаўлена 29, з іх 26 прызнана спраўнай. Адзначу, што агляд пачынаецца з праверкі дакументаў механізатара — пасведчання адпаведнай катэгорыі, медыцынскай даведкі і тэхнічнага талона. Прыемна заўважыць, што за апошнія гады многія трактарысты-машыністы прайшлі перанавучанне, а гэта дазволіла ім працаваць на сучасных энерганасычаных машынах. Звярталася ўвага і на лізінгавыя плацяжы, бо пасля іх заканчэння тэхніка мяняе ўласніка, аб чым таксама павінен быць зроблены запіс.
Стабільную работу ААТ "Туркова" адзначыў і начальнік райсельгасхарчу В. А. Бялько. Толькі трэба дабівацца большага, старанна рыхтавацца да веснавых работ. Стратэгічнай галіной для гаспадаркі застаецца жывёлагадоўля. І тут ёсць магчымасці змяншаць расход кармоў на вытворчасць прадукцыі, нарошчваць продаж малака гатункам экстра.
ААТ "Туркова" па выніках мінулага года названа лепшай гаспадаркай раёна, лідыруе яно і па такому зайздроснаму паказчыку, як сярэднямесячны заробак. У высокіх паказчыках, добрым мікраклімаце ў калектыве Вячаслаў Анатольевіч адзначыў заслугу былога кіраўніка Віктара Іванавіча Сташкевіча. А ўсім разам цяпер трэба берагчы і памнажаць дасягнутае.
У ДУДАД "Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых" упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання 21 лютага адбыўся экзамен у вучэбнай групе 39 ПТ па перападрыхтоўцы вадзіцеляў колавых трактароў і самаходных машын катэгорыі "F". Пацвердзілі веды і навыкі па кіраванні магутнай тэхнікай 30 работнікаў з розных арганізацый АПК, у тым ліку з КУП "Міёрскае ПМС" — 4, з ААТ "Папшулі" і УП "Цітова" — па 3. Самай шматлікай была група навучэнцаў з ААТ "Чэрасы". З гэтага таварыства 8 чалавек авалодвалі майстэрствам кіравання спецыялізаванымі пагрузчыкамі і экскаватарам з каўшом умяшчальнасцю да 1 метра кубічнага — Леанід Вайцюль, Ігар Гаўрыловіч, Сяргей Гагалінскі, Мікалай Грэцкі, Леанід Дзерачыц, Іван Іваноў, Сяргей Сігоў, Сяргей Лакотка. З адкрытага акцыянернага таварыства "Міёрскі райаграсэрвіс" вучыліся Андрэй Варонін, Аляксандр Варанько, Аляксандр Лаўрыновіч, Аляксей Лашын, Аляксандр Развадоўскі, Сяргей Варанько.
Дырэктар сельгаспрадпрыемства С. У. Касцюкоў крытычна ацаніў мінулагоднія дасягненні калектыву. І сапраўды, вытворчасць валавой прадукцыі ў супаставімых цэнах склала 21,3 млрд. рублёў ці 92% да плана і на мільярд менш папярэдняга года. Адпаведна зменшылася прадукцыйнасць працы.
Валавую вытворчасць малака за стойлавы перыяд—з 1 кастрычніка 2013 года да 1 лютага 2014-га—у параўнанні з папярэднім стойлавым перыядам павялічыла на 37,2% адкрытае акцыянернае таварыства "Міёрскі райаграсэрвіс", на 5,8%—"Туркова", 2,1%—"Чэрасы", 0,9%—СУП "Цітова". А ў іншых гаспадарках не змаглі забяспечыць рост.