Сфера паслуг у сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі — пакуль невядомая галіна для прыватнікаў і прадпрымальных людзей. А для гэтага ўжо ёсць нарматыўная база. Ёй служыць пастанова Савета Міністраў ад 30.03.2005 г. №342 “Аб зацвярджэнні палажэнняў аб упаўнаважанай асобе па кіраванню нерухомай маёмасцю сумеснага домаўладання і аб конкурсе на права заключэння дагавароў на тэхнічнае абслугоўванне і (ці) рамонт жыллёвага фонду”, а таксама пастанова Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ад 3.05.2005 г. №20 “Аб крытэрыях ацэнкі прапаноў прэтэндэнтаў, якія ўдзельнічаюць у конкурсе на права заключэння дагавароў на тэхнічнае абслугоўванне і (ці) рамонт жыллёвага фонду, і форме заявы для ўдзелу ў конкурсе на права заключэння дагавароў на тэхнічнае абслугоўванне і (ці) рамонт жыллёвага фонду”.
Названыя дакументы ахопліваюць шырокае кола пытанняў камунальнай гаспадаркі, дзе могуць праявіць сябе прадпрымальнікі і ініцыятыўныя прыватныя асобы. Аднак хацелася б сказаць і непасрэдна пра эксплуатацыю аб’ектаў добраўпарадкавання і аказання паслуг па збору і вывазу цвёрдых бытавых камунальных адходаў. Тут таксама могуць праявіць сябе прыватнікі, калі выйграюць конкурс. У рэспубліцы вызначана 16 гарадоў і раёнаў, дзе праводзіцца эксперымент у такім напрамку. Але пакуль справа не набыла шырокага размаху, бо мала жадаючых, ёсць праблемы з тарыфамі і фінансаваннем. Вырашыць іх дапаможа канкурэнцыя.
Між тым, у рэспубліцы з’явіліся першыя кампаніі па аказанню паслуг у камунальнай гаспадарцы, у тым ліку ў гасцінічным бізнесе. Ёсць першы вопыт прыцягнення інвестараў з выкарыстаннем механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства. У нашай вобласці падпісаны дагаворы па выкарыстанню біягазу. Прапрацоўваюцца і іншыя праекты.
Лічу, што і на Міёршчыне ёсць рэальныя магчымасці па прыцягненню прадпрымальнікаў і прыватнікаў да збору і вывазкі камунальных адходаў. Калі ў вас з’явілася імкненне заняцца бізнесам у сферы камунальных паслуг, звяртайцеся ў аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, ва УП ЖКГ.
В. ЯРАХНОВІЧ,
начальнік аддзела
жыллёва-камунальнай
гаспадаркі райвыканкама.