
Сярэдняспіскавая колькасць працуючых у ААТ "Міёрскі камбікормавы завод" — 498 чалавек. Аднак непасрэдна на ККЗ заняты толькі 128 работнікаў, а ўсе астатнія — у сельгасфіліялах "Павяцце" і "Цітова". Як працаваў вялікі калектыў у мінулым годзе, гаварылі акцыянеры таварыства на галоўным гадавым сходзе.

Са справаздачай выступіў дырэктар В. А. Паляк, які падвёў вынікі фінансава-эканамічнай дзейнасці прадпрыемства і яго падраздзяленняў. Віктар Антонавіч адзначыў, што падтрымліваць нармальны рэжым работы завода нялёгка, але ўдаецца. Мінулы год быў асабліва складаным з-за несвоечасовага разліку большасці сельгаспрадпрыемстваў за камбікорм. Напрыклад, запазычанасць КУСП "Дунілавічы-Агра" Пастаўскага раёна, дзе размешчаны вялікі свінагадоўчы комплекс, перад камбікормавым заводам у пачатку года складала 2664 млн. руб., КУСП "Гарадзец" Шаркаўшчынскага раёна — 1351 млн. Цяпер іх даўгі яшчэ большыя. На спагнанне дэбіторскай запазычанасці пададзена ў суд 8 іскавых заяў на 1601 млн. руб. і гэтая сума вернута. Прад'яўлена 61 прэтэнзія гаспадаркам на 2730 млн. руб. Праз ФЗАН спагнана 243,8 млн. руб. З-за адсутнасці грошай завод не можа своечасова разлічвацца па крэдытах і з пастаўшчыкамі сыравіны для вырабу прадукцыі. Ёсць нявыплаты за зерне фермерам і вяскоўцам.
Магутнасці камбікормавага цэха летась выкарыстоўваліся толькі на 86,5% і запасы гатовай прадукцыі былі невялікія. Агульны аб'ём вытворчасці летась склаў да папярэдняга года 84,9% ці 39605 тон: па камбікорме—85,1% (39540 т), па кармавых дабаўках — 30,2% (65 т). А вось круп вырабілі больш на 12,9% (349 т; +40 т).
Дэбіторская запазычанасць у пачатку года была 15 мільярдаў 971 мільён рублёў, у тым ліку пратэрмінаваная — 5 млрд. 924 млн. А завод меў запазычанасць па крэдытах і бюджэтных пазыках на 29682 млн. руб.
— Чысты прыбытак за 2012 год — 4980 млн. руб, у тым ліку ад прамысловасці — 241 млн., ад сельскай гаспадаркі — 4739 млн. Рэнтабельнасць продажу прамысловай прадукцыі дасягнула 9,6% пры заданні 3%.
Сярэднямесячны заробак па ААТ склаў 2432 тысячы рублёў, у тым ліку па заводзе — 3066000, у сельскай гаспадарцы — 2213000.
Міёрскі камбікормавы завод сярод "калег" у вобласці займае па вытворча-фінансавых паказчыках «залатую сярэдзіну».
Сельгасфіліялы "Павяцце" і "Цітова" па тэмпах росту вытворчасці валавой прадукцыі да папярэдняга года крыху прыплюсавалі. Але не ўсе заданні выкананы.
Філіял "Павяцце" мае 6578 галоў свіней, і іх валавая прывага летась зменшылася на 2,2%. У "Цітове" статка больш — 7653. І па "валу" гаспадарка спрацавала з плюсам на 1,7%. Па вытворчасці малака павятчане пераўзыйшлі паказчыкі папярэдняга года на 4,8% (валавы надой 1353 т; на карову — 4510 кг,+206 кг), а іх калегі зменшылі агульны надой на 2,7% (3184 т; 4485 кг, -255кг). Па сярэднясутачных прывагах БРЖ з яўным апярэджаннем працуюць жывёлаводы з "Цітова" — 623 г (+56 г да ўзроўню 2011 года), а ў філіяле "Павяцце" статак папраўляўся толькі на 526 г (+14). Агульнае пагалоўе БРЖ у першых — 1700, у другіх — 869.
— На раённым узроўні вытворчыя паказчыкі "нашага аграрнага сектара" дастаткова высокія. Хаця ёсць, канешне, пэўныя праблемныя моманты.
Я нярэдка стаўлю мясцовым сельгасвытворцам у прыклад "Маяк Браслаўскі", дзе можна многае пераняць і па арганізацыі работы, і па захаванні тэхналогій, культуры вытворчасці. Усё трымаецца на дысцыпліне, прафесіяналізме і адказнасці. Да таго ж, трэба лічыць затраты. Асноўны крытэрый ацэнкі работы — рэнтабельнасць вытворчасці. Трэба арыентавацца на атрыманне максімальнага прыбытку. Атрымліваць малако і мяса "любой цаной", маючы каласальныя страты, — загубіць усю справу. Трэба мяняць і менталітэт вясковых работнікаў, якія павінны ўсвядоміць, што нельга разлічваць толькі на бюджэтную грашовую дапамогу і спадзявацца на "рэгулярнае спісанне даўгоў", трэба вучыцца самім зарабляць грошы, разумна іх расходаваць. Хаця пры сённяшнім дыспарытэце цэн зрабіць гэта нялёгка, — падкрэсліў В. А. Паляк.
Дырэктар камбікормавага завода расказаў пра тэхнічнае аснашчэнне філіялаў, асноўныя напрамкі дзейнасці, абнаўленне жывёлагадоўчых аб'ектаў.
Дакладчык гаварыў пра мадэрнізацыю вытворчасці на заводзе — многае ўжо зроблена, і наперадзе планы вялікія. У 2013-2014 гадах зоймуцца рэканструкцыяй камбікормавага цэха, у тым ліку ліній драблення, дазіравання і змешвання, мантажом лініі мікрадазіравання, заменай электрападстанцыі, будаўніцтвам цэха гранулявання.

На акцыянерным сходзе са справаздачамі выступілі старшыні рэвізійнай камісіі і назіральнага савета. Зацверджаны новы склад гэтых кантралюючых структур. У рэвізійную камісію ўвайшлі Валяніна Уладзіміраўна Якімец, Валянціна Альфонсаўна Пяткевіч і Ганна Чаславаўна Бяльдзюга, у назіральны савет—Марына Марыўсаўна Станкевіч, Любоў Аляксандраўна Пішчулёнак і Тамара Цімафееўна Танайна.
Акцыянеры зацвердзілі напрамкі выкарыстання прыбытку. Дарэчы, з гэтага года доля выплаты дывідэндаў з атрыманага прыбытку павялічваецца да 20% (раней было 5%).
У рабоце сходу прыняла ўдзел галоўны эканаміст Дэпартамента па хлебапрадуктах Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Наталля Мікалаеўна Баўдзей.
Эліза БЛАЖЭВІЧ.